Сёння ў Мінску пройдзе пасяджэнне Еўразійскага міжурадавага савета
27 лістапада ў Мінску адбудзецца пасяджэнне Еўразійскага міжурадавага савета, інфармуе БЕЛТА.
Кіраўнікі ўрадаў краін Еўразійскага эканамічнага саюза абмяркуюць шэраг пытанняў. прысвечаных перспектывам развіцця гэтага аб'яднання і ўдасканалення яго нарматыўна-прававой базы. Будуць разглядацца пытанні лічбавага парадку дня ЕАЭС, узаемадзеяння ў сферах гандлю, прамысловасці і АПК, энергетыкі, эканомікі ды фінансавай палітыкі.
Акрамя таго кіраўнікі ўрадаў абмяркуюць праекты пагадненняў пра падатковую палітыку ў галіне акцызаў на алкагольную і тытунёвую прадукцыю і аб рэгуляванні алкагольнага рынку ў ЕАЭС. На парадку дня таксама — фармаванне агульнага рынку газу ЕАЭС, праекта канцэпцыі фінансавага рынку саюза ды іншыя тэмы наднацыянальнага рэгулявання.
Як паведамляла Еўрарадыё, ужо вядома, што кіраўнік армянскага ўрада Нікол Пашынян на саміт не прыедзе — ён у афіцыйным адпачынку і рыхтуецца да выбараў. Яго заменіць в.а. першага віцэ-прэм'ера Арарат Мірзаян.
Старшыняваць на пасяджэнні будзе расійскі прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў.