Такія розныя "Захады": Параўноўваем вучэнні з 2009-га па 2017-ы

На вучэннях "Захад-2009". Фота: nevsepic.com.ua
На вучэннях "Захад-2009". Фота: nevsepic.com.ua

Вучэнні "Захад" праходзяць на тэрыторыі Беларусі раз на тры-чатыры гады з пачатку 1970-х. У гады перабудовы, праўда, становіцца не да вучэнняў, і традыцыя перарываецца. Як стане зразумела пазней — аж на 14 гадоў: першы "Захад" пасля развалу СССР праходзіць у 1999 годзе, на фоне натаўскіх бамбардзіровак у былой Югаславіі, і заканчваецца ядзерным ударам па праціўніку. Па ўяўным праціўніку. Уяўным ядзерным ударам.

У 1999-м вучэнні "Захад" — выключна расійскія. Яны праходзяць у Ленінградскай, Маскоўскай, Паўночна-Каўказскай, Прыволжскай і Уральскай ваенных акругах і на трох флатах: Паўночным, Балтыйскім і Чарнаморскім. Праз год Расія і Беларусь ствараюць на "сваім" "захадзе" рэгіянальную групоўку войскаў. А першыя маштабныя сумесныя вучэнні праходзяць яшчэ праз 9 гадоў.

Захад-2009: "выключна абарончы характар"

Сцэнар:

Вучэнні праходзяць на тэрыторыі Беларусі ў два этапы. За першыя 5 сутак рэгіянальная групоўка войскаў РБ і РФ адпрацоўвае абарончую аперацыю. Перад вучэннямі не раз падкрэсліваецца, што Захад-2009 "прадугледжвае выключна абарончы характар". Яшчэ 7 сутак "асноўная ўвага надаецца ацэнцы эфектыўнасці функцыянавання Адзінай рэгіянальнай сістэмы СПА Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі па адбіцці ўдараў з паветра і кіраванні групоўкамі войскаў пры вядзенні баявых дзеянняў за ўтрыманне абарончых рубяжоў".

Колькасць вайскоўцаў: па розных крыніцах, ад 12500 да 13000

— расійскіх: каля 6000

— беларускіх: каля 7000

(З іх каля 1800 — рэзервісты)

Палігоны:

— Асноўнае месца правядзення вучэнняў: 230-ы Абуз-Лясноўскі палігон пад Баранавічамі. Таксама задзейнічаныя палігоны 174-ы "Даманава", 210-ы авіяцыйны палігон ВПС і войскаў СПА "Ружаны" і авіяцыйны палігон 206-й штурмавой авіяцыйнай базы "Нёман".

Тэхніка: каля 570 адзінак

— авіяцыя: 103

* 63 самалёта

* 40 верталётаў

— бронетэхніка: 470

* 228 танкаў

* 234 самаходных і буксаваных артылерыйскіх гармат, мінамётаў і РСЗА.

Як "Захад" рухаецца на ўсход:

Беларускія палігоны і кропкі, на якіх праходзяць вучэнні "Захад". Чырвоным — "Захад-2009", зялёным —"Захад-2013", фіялетавым — "Захад-2017".

Захад-2013: тэрарыстаў шукаюць з дапамогай дронаў

Сцэнар:

Мяжу Беларусі перасякае калона тэрарыстаў на аўтамабілях. Іх шукаюць (і знаходзяць) з дапамогай беспілотнікаў, таксама ў "квадрат" выходзяць разведчыкі. Калі месца, дзе хаваюцца тэрарысты, выяўлена, па іх наносіцца ракетна-бомбавы ўдар самалётамі Су-25 і верталётамі Мі-8 і Мі-24. З верталёта Мі-8 высаджваецца тактычны расійска-беларускі дэсант. Пасля таго, як пазіцыі бандфармаванняў прасуе артылерыя, у бой ўступаюць мотастралковыя падраздзяленні. Вучэнні доўжацца з 20 да 26 верасня.

Колькасць вайскоўцаў: каля 25000

— расійскіх: каля 12000 (на тэрыторыі Беларусі: 2520)

— беларускіх: 13000 (на тэрыторыі Расіі: каля 200)

(Зноў былі прызваныя беларускія рэзервісты)

Палігоны:

Расія (Калінінградская вобласць): "Хмелеўка" і "Праўдзінскі";

Беларусь: "Брэсцкі", "Гожскі" і "Абуз-Лясноўскі".

Тэхніка: каля 580 адзінак

На тэрыторыі Беларусі: 400 адзінак

— 350 адзінак бранятанкавай тэхнікі

* Каля 70 танкаў

* Звыш 50 адзінак артылерыі і РСЗА

— больш за 50 самалётаў і верталётаў

На тэрыторыі Расіі: 180 адзінак

— 40 самалётаў;

— 10 танкаў;

— 10 караблёў.

Такие разные "Запады": Сравниваем учения с 2009-го по 2017-й
Інфаграфіка: Еўрарадыё

Захад-2017: Сепаратысты пахаваліся па вейшнорах

Сцэнар:

Вучэнні працягнуцца з 14 па 20 верасня. Як і ў 2009 годзе, Мінабароны Беларусі падкрэслівае абарончы характар вучэнняў. У аснову іх задумы пакладзены "адзін з варыянтаў ўзнікнення крызіснай сітуацыі і нарастання канфлікту, звязаных з узрастаннем актыўнасці дзейнасці незаконных узброеных фармаванняў, міжнародных сепаратысцкіх і тэрарыстычных арганізацый, якія маюць знешнюю падтрымку".

Паводле легенды, тры краіны Вейшнорыя, Весбарыя і Лубенія нападаюць на Беларусь і Расію з-за абвастрэння міжнацыянальных, этнічных і рэлігійных супярэчнасцяў. "Галоўнай прычынай абвастрэння сітуацыі з'яўляецца імкненне дэстабілізаваць абстаноўку на тэрыторыі краіны і дамагчыся пагаршэння адносін паміж суб'ектамі Саюзнай дзяржавы. Па падобным сцэнары пачыналіся ўсе ўзброеныя канфлікты ў апошні час", — заяўляюць у Генштабе.

Весбарыя размясцілася на тэрыторыі Літвы і Латвіі, Лубенія — у Літве і Польшчы. А для нас цікавей за ўсё Вейшнорыя, якая адхапіла 46 тысяч кв.км у Гродзенскай, Віцебскай і Мінскай абласцей Беларусі і выглядае на мапе гэтакай ВНР, што захацела незалежнасці "як ва Украіне". Угаварыць "вейшнорскіх сепаратыстаў" у Беларусі ніяк не атрымаецца без удзелу ветлівых расійскіх салдат...

Колькасць вайскоўцаў: па розных крыніцах, ад 12700 да 13000

— расійскіх: каля 5500 (на тэрыторыі Беларусі каля 3000);

— беларускіх: каля 7200.

(Разам на тэрыторыі Беларусі: каля 10 200 чалавек, лічба расійскага Генштаба)

Палігоны:

Расія: "Лужскі", "Стругі Чырвоныя" і "Праўдзінскі".

Беларусь: 227 агульнавайсковы палігон "Барысаўскі", 174 вучэбны палігон ВПС і войскаў СПА "Даманаўскі", 210 авіяцыйны палігон "Ружанскі", палігоны "Лепельскі", "Лосвіда", "Асіповіцкі", а таксама два ўчасткі мясцовасці ў Віцебскай вобласці: "Дрэтунь" і "Глыбокае".

Тэхніка: больш за 1000 адзінак

З беларускага боку:

— больш за 40 самалётаў і верталётаў

— 370 адзінак бранятанкавай тэхнікі:

* Каля 140 танкаў;

* Да 150 адзінак артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню.

З расійскага боку:

— каля 70 самалётаў і верталётаў

— да 680 адзінак баявой тэхнікі:

* Каля 250 танкаў;

* Да 200 гармат, РСЗА і мінамётаў.

— флот: 10 караблёў.

Па афіцыйных лічбах, сёлетнія вучэнні не моцна адрозніваюцца ад папярэдніх. Так, больш тэхнікі, але, у асноўным, яна будзе выкарыстоўвацца на тэрыторыі Расіі. А калі ацэньваць заяўленую прысутнасць расійскіх салдат на тэрыторыі Беларусі, бачна, што іх будзе прыблізна столькі ж, што і 4 гады таму.

Праўда, часы цяпер іншыя. Пасля "Захаду-2013" здарыўся "Крым-2014", а на мапе Украіны не без дапамогі "ветлівых людзей" паўсталі "ДНР" і "ЛНР". Чаго здзіўляцца, што нават "стандартны" для беларуска-расійскіх вучэнняў кантынгент выклікае насцярожанасць.

А яшчэ — звярніце ўвагу, што за 8 гадоў вучэнні "Захад" адчувальна прасунуліся на паўночны ўсход Беларусі. У 2009 і 2013 гадах тэатрам для іх сталі палігоны ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. А ў гэтым годзе шэсць з васьмі плацдармаў размешчаныя на ўсход ад Мінска. Чатыры з іх — у Віцебскай вобласці Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі