Татуіроўка і гомасексуальнасць не дапамогуць пазбегнуць прызыву ў войска

Татуіроўка і гомасексуальнасць не дапамогуць пазбегнуць прызыву ў войска

Калі ў цябе татуіроўкі на далонях ці твары

Прадстаўнік "Цэнтра правоў прызыўнікоў" Кірыл Пятрэнка адразу абезнадзейвае: "Не варта разлічваць, што калі прызыўнік прыйдзе ў ваенкамат і пакажа свае татуіроўкі, яго адразу ж адпусцяць. Самі па сабе татуіроўкі ніякім чынам не могуць з'яўляцца законнай падставай для адтэрміноўкі або вызвалення ад службы ў войску. Аднак татуіроўкі могуць паслужыць падставай для адпраўкі на праходжанне псіхіятрычнага абследавання".

Ваенкамат пацвярджае: татуіроўкі не з'яўляецца сур'ёзнай прычынай для непраходжання тэрміновай службы, аднак накладваюць пэўныя абмежаванні: "З татуіроўкамі на твары і далонях вы не патрапіце ва ўнутраныя войскі, у памежнікі, а таксама ў воінскія часці спецыяльнага прызначэння".

Гомасексуальнасць

Яшчэ адзін папулярны міф, які не праходзіць праверку. “Справа ў тым, што нават у межах ваеннай медыцынскай экспертызы ужо гадоў 10 у гэтым плане абследаваць няма чаго, — тлумачыць прадстаўнік “Цэнтра правоў прызыўнікоў”. — Ужо даўно ў Беларусі гомасексуальнасць не з'яўляецца псіхічным расстройствам. Яна прыбраная з міжнароднай класіфікацыі хвароб, для яе няма спецыяльнага кода. Прызыўніка могуць адправіць на абследаванне, правесці нейкія тэсты, і ў выніку могуць запісаць артыкул "расстройства асобы”.

Ад пытання, як быць з прызывам, калі ты гей, у ваенкамаце здзіўляюцца і нават палохаюцца: "Вам трэба будзе прыйсці па павестцы ў ваенкамат, і падчас праходжання медыцынскай камісіі сказаць пра гэта псіхіятру. Пасля гэтага вас, хутчэй за ўсё, накіруюць на абследаванне".

Калі ў цябе ёсць судзімасць ці адседка

Як выявілася, проста наяўнасць судзімасці не дае падстаў, каб выключыць чалавека з воінскага ўліку. А вось калі ў прызыўніка судзімасць, якая не знятая або не пагашаная, такога сапраўды не могуць прызваць. Але, калі яна пагашаецца або здымаецца, то ўжо могуць. "Але, калі прызыўнік паспеў хаця б адзін дзень па прыгаворы адбыць пакаранне ў выпраўленчай установе, то ён ужо не будзе падлягаць прызыву, — тлумачыць супрацоўнік “Цэнтра правоў прызыўнікоў”. — Гэта значыць, калі ён быў пад вартай, то гэта не лічыцца, а калі хаця б адзін дзень пасля прысуду прабыў у выпраўленчай установе, не падлягае прызыву зусім".

Што тычацца адміністрацыйнай адказнасці, тут і зусім няма ніякіх законных падстаў для вызвалення ад прызыву. Інакш у армію не было каго набіраць!

А вось што пра гэта кажа закон "Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе". “Грамадзяне,  якія адбылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ў папраўчых установах; якія маюць судзімасць; у дачыненні да якіх ажыццяўляецца крымінальная справа або судовая вытворчасць — вызваляюцца ад прызыву на ваенную службу”.

Ад службы ў войску ратуе наяўнасць дзяцей

Дзеці — амаль што 100% спосаб адкасіць ад войска на нейкі час, або ўвогуле: "Калі ў прызыўніка ёсць адно дзіця, даюць адтэрміноўку да таго часу, пакуль дзіцяці не споўніцца тры гады. Калі двое дзяцей, то пакуль ім не споўніцца 18 гадоў. А калі тры і больш — вызваляюць ад прызыву", — кажуць у “Цэнтры правоў прызыўнікоў”.

А вось сітуацыя, калі прызыўнік бацька-адзіночка і выхоўвае дзіця без маці, складаней. Тут ёсць бюракратычная праблема ў з вызначэннем тэрміна "дзіця выхоўваецца без маці". Прадстаўнікі ваенкамата адназначна прызнаюць толькі выпадкі, калі маці пазбаўленая бацькоўскіх правоў або памерла.

Па законе "Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе", ад службы ў войску вызваляюць, калі чалавек мае траіх і больш дзяцей. “Адтэрмiноўку ад прызыву грамадзянін атрымлівае, калі ў яго двое дзяцей; дзіця-інвалід; дзіця, якое выхоўваецца без маці”.

Што, калі стаіш на ўліку ў нарка- ці псіхадыспансеры?

Калі ты стаіш на ўліку ў наркадыспансеры, то цябе адпраўляюць на абследаванне: “Калі аказваецца, што ў прызыўніка ёсць нейкія расстройствы на дадзенай глебе, то ён будзе прызнаны нягодным па артыкуле "парушэнні ў сувязі з ужываннем псіхаактыўных рэчываў”, — тлумачаць у Цэнтры правоў прызыўнікоў.

У дзяржаўнай інструкцыі аб вызначэнні патрабаванняў да стану здароўя пры прызыве на тэрміновую ваенную службу ёсць для гэтага асобны артыкул №16 "Псіхічныя расстройствы і расстройствы паводзінаў па прычыны ўжывання псіхаактыўных рэчываў".

А калі адпрацоўваеш пасля ўніверсітэта па размеркаванні ці праходзіш інтэрнатуру пасля медыцынскага ўніверсітэта?

Як паведамляюць у “Цэнтры правоў прызыўнікоў”: "У гэтым годзе з'явіліся звесткі, што ў закон могуць унесці папраўку, якая дазволіла б інтэрнам атрымаць адтэрміноўку. Аднак пакуль у законе няма падстаў для адтэрміноўкі тым, хто ўжо прайшоў навучанне, скончыў яго, атрымаў дыплом і проста недзе працуе ці адпрацоўвае".

 А альтэрнатыўная служба, як з ёй быць?

Пакуль, па словах прадстаўніка “Цэнтра правоў прызыўнікоў”, з ёй увогуле ўсё складана. У першую чаргу, гэта звязана з тым, што сам закон моцна абмяжоўвае тых, хто можа туды паступіць, у прынцыпе, падаць заяву і на нешта разлічваць: "Па законе, які набыў моц у мінулым годзе, на альтэрнатыўную службу могуць разлічваць толькі тыя, хто мае рэлігійныя перакананні, якія перашкаджаюць ваеннай службе".

Закон "Аб альтэрнатыўнай службе" гэта пацвярджае:

"На альтэрнатыўную службу могуць быць накіраваныя грамадзяне, якiя падлягаюць прызыву на тэрміновую ваенную службу, якія асабіста заявілі пра тое, што прыняцце Ваеннай прысягі, нашэнне, прымяненне зброі або непасрэдны ўдзел у вытворчасці і абслугоўванні зброі, боепрыпасаў і баявой тэхнікі супярэчаць іх рэлігійным перакананням у той меры, у якой становіцца немагчымым праходжанне воінскай службы".

Як патрапіць на службу ў рэзерве

Хто напраўляецца на службу ў рэзерве, так і застаецца загадкай. У ваенкамаце не змаглі растлумачыць, хто можа адслужыць у рэзерве: "Трэба бачыць справу прызыўніка. Агульна я нічога не магу сказаць. Гэта ўсё кожны раз залежыць ад індывідуальнай сітуацыі".

Цэнтр правоў прызыўніка - грамадзянская кампанія, якая з'явілася ў 2010 годзе на базе кампаніі «За альтэрнатыўную грамадзянскую службу ў Беларусі»

За мінулую прызыўную кампанію ў Цэнтр правоў прызыўнікоў было накіравана больш за тысячу зваротаў. З просьбай тлумачэння заканадаўства, правамернасці дзеянняў лекараў якія адмаўляюцца прымаць нейкія медыцынскія агляды, або тлумачаць хваробы прызыўніка ў бок яго "прыдатнасці". 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі