Тэма беларускага калію застаецца складанай для чыноўнікаў ЕС: кіраўнік МЗС Літвы
"Беларуськалій" / kali.by
Тэма беларускіх угнаенняў застаецца складанай для абмеркавання сярод чыноўнікаў Еўрасаюза. Таму ў новым 11-м пакеце санкцый дадатковых абмежаванняў супраць беларускага калію не будзе. Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс. Яго словы прыводзіць Delfi.
"Пытанне ўгнаенняў — адно з самых адчувальных з еўрапейскімі партнёрамі. Мы не толькі не можам увесці новыя санкцыі ў пытанні ўгнаенняў, дык яшчэ і паўгода на нас ціснуць з мэтай адмены гэтых санкцый", — адзначыў ён.
Кіраўнік літоўскага МЗС таксама нагадаў, што цяпер санкцыі прымяняюцца не да канкрэтных груп тавараў, а да кампаній. У гэтай сувязі бывае няпроста даказаць абыход санкцый. З яго слоў, калі б было дакладна прапісана, што "ў ЕС нельга ўвозіць ніякія ўгнаенні, мытні, несумненна, было б нашмат прасцей". А пакуль прыходзіцца даказваць, што кампанія, якая займаецца перавозкай угнаенняў, створаная фіктыўна, і "што бенефіцыяр не змяніўся".
11-ы пакет санкцый, які рыхтуецца прыняць ЕС, будзе накіраваны на спыненне абыходу санкцый. Мяркуецца ўвесці абмежаванні супраць кампаній, якія спрабуюць дапамагчы Расіі з перавозкай забароненых тавараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.