"Тое, што Лукашэнка ведаў пра аварыю на АЭС на другі дзень, наўрад ці праўда"
10 ліпеня на будаўнічай пляцоўцы Астравецкай АЭС быў пашкоджаны корпус атамнага рэактара. Пра аварыю стала вядома толькі праз два тыдні дзякуючы пасту ў фэйсбуку, зробленаму жыхаром Астравецкага раёна. "Расатам" прызнаў, што здарэнне мела месца, аднак корпус рэактара зусім не пацярпеў. Праз месяц пасля інцыдэнту міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык заявіў, што Беларусь хоча памяняць пабіты корпус на новы. Інжынер-фізік з Масквы Андрэй Ажароўскі ў гутарцы з Еўрарадыё расказвае, чаму "Расатам" хацеў схаваць праўду.
Сакрэтнасць ― гэта фішка "Расатама"
Еўрарадыё: Як вы думаеце, чаму замена корпуса рэактара стала магчымай?
Ажароўскі: Гэта ўсё ж палавінчатае рашэнне. Лепш бы ад непатрэбнага, дарагога і небяспечнага праекта адмовіліся ў прынцыпе. А даказвае гэта тое, што мы мелі рацыю ад самага пачатку, калі гаварылі, што гэта вельмі сур'ёзны інцыдэнт. Спачатку спрабавалі сцвярджаць, што там усё нармальна, што толькі фарба сцерлася. А цяпер мяняюць. Значыць, нешта не так. Станцыя будуецца ва ўмовах сакрэтнасці, а таму, я думаю, мы ніколі так і не даведаемся сапраўдных прычынаў замены корпуса. Нам не паказалі відэа з інцыдэнтам, хоць яно існуе. Магчыма, ён увогуле быў дрэнна зроблены.
Еўрарадыё: Якім чынам замена корпуса рэактара можа паўплываць на будаўніцтва станцыі? Яно можа зацягнуцца?
Ажароўскі: Была заява, што замест корпуса рэактара першага энергаблока туды паставяць ужо гатовы корпус рэактара да другога. Але гэта ўсё адно паўплывае на тэрміны здачы станцыі. Нават калі яны сёння пачнуць адгрузку, тэрмін ссунецца мінімум на паўгода, пакуль корпус будуць дастаўляць на будаўнічую пляцоўку. Гэта калі яны нешта зноў не перавернуць.
Беларусь тут слабая, яна не мае інфармацыі нават з самой будаўнічай пляцоўкі. Я не веру словам Лукашэнкі, што яму далажылі аб інцыдэнце на наступны дзень. Гэта наўрад ці праўда. Лукашэнка пачаў гаварыць аб корпусе рэактара праз месяц. І толькі таму, што шум падняўся на ўвесь свет. Будуе станцыю "Расатам", грошы дае Расія, а беларусы на гэтай станцыі толькі ў якасці дэкарацыі. Беларускае Мінэнэрга добра, што хоць цяпер нейкі крок зрабіла.
Еўрарадыё: А з чым можа быць звязаная гэтая атмасфера сакрэтнасці вакол АЭС? Гэта ўнікальнасць беларускай сітуацыі альбо такая з'ява характэрная для ўсёй постсавецкай прасторы?
Ажароўскі: Гэта агульная практыка "Расатама". Яны рапартуюць аб самым дробным дасягненні. Аб тым, што зрабілі корпус, аб тым, што вязуць яго на будоўлю, аб тым, што прывезлі. Хоць гэта ўсё не дасягненні, а звычайная праца. Тут "Расатам" паводзіць сябе як еўрапейская карпарацыя. Але як толькі здараецца нешта пазаштатнае, яны адразу ўспамінаюць, што з'яўляюцца спадкаемцамі створанага Берыем Міністэрства сярэдняга машынабудаўніцтва.
Небяспека для грамадства ў тым, што вось гэты інцыдэнт з корпусам рэактара стаў вядомы не таму, што "Расатам" расказаў, не таму, што самі будаўнікі аб гэтым заявілі, а таму, што знайшліся смелыя людзі, якія напісалі пра ўсё ў сацсетках. А потым расказалі журналістам. Фактычна, грамадства прымусіла "Расатам" прызнаць сваю памылку. Сітуацыя тыповая. Яны не могуць працаваць па стандартах адкрытасці. І не выключана, што пра менш гучныя, але не менш небяспечныя сітуацыі мы ўвогуле ніколі не даведаемся.
Вось на Ленінградскай АЭС знайшоўся такі чалавек, яго завуць Віктар Алейнікаў. Ён звольніўся са станцыі і пачаў расказваць, як там фальсіфікавалі дадзеныя зваркі цыркуляцыйнага трубаправоду. Таго самага, які прыварваецца да рэактара. Таму я дапускаю, што выпадак у Астраўцы не адзіны. Гэта індыкатар стылю "Расатама". Калі карпарацыя закрытая для грамадскасці, калі у грамадскасці бачаць ворагаў і маўчаць пра сур'ёзныя інцыдэнты.
Беларусы на будаўніцтве Астравецкай АЭС толькі статысты
Еўрарадыё: Чаму, на вашу думку, маўчала і Беларусь? Нават у дзяржаўныя СМІ трапіла не так шмат інфармацыі.
Ажароўскі: Гэта агульная сітуацыя. Калі французы будуюць трэці энергаблок на станцыі Алкілуота, адбываецца амаль тое самае. Фінляндыя зацікаўленая ў тым, каб усе адступленні ад інструкцыі і парушэнні абмяркоўваліся, а бракаваныя часткі замяняліся, а Францыя стараецца ўсё схаваць. І апраўдваецца, што калі і парушыла інструкцыю, то дала Фінляндыі нешта лепшае, а не горшае. Гэта стандартная сітуацыя пры будаўніцтве любой атамнай станцыі.
Беларусь тут слабая, яна не мае інфармацыі нават з самой будаўнічай пляцоўкі. Я не веру словам Лукашэнкі, што яму далажылі аб інцыдэнце на наступны дзень. Гэта наўрад ці праўда. Лукашэнка пачаў гаварыць аб корпусе рэактара праз месяц. І толькі таму, што шум падняўся на ўвесь свет. Будуе станцыю "Расатам", грошы дае Расія, а беларусы на гэтай станцыі толькі ў якасці дэкарацыі. Беларускае Мінэнэрга добра што хоць цяпер нейкі крок зрабіла.
Еўрарадыё: А як "Расатам" сябе паводзіць на тэрыторыі Расіі? Там больш кантролю, адказнасці альбо адбываецца тое самае?
Ажароўскі: Тое самае. Я ўжо расказваў пра Ленінградскую АЭС. Там падобны праект і там скінулі не сам корпус рэактара, а унутрырэактарную прыладу, 70-тонны блок абаронных трубаў. І сітуацыя была вельмі блізкай да той, якая цяпер у вас. Будаўнікі пачалі фатаграфаваць на мабільныя тэлефоны, публікаваць фота ў сацсетках, і толькі пасля гэтага "Расатам" прызнаў, што здарэнне было, што давядзецца новы блок рабіць. Але гэта магчыма, калі падае шматтоннае абсталяванне. Па іншых здарэннях усё нашмат складаней. Паўтаруся ізноў: я не лічу, што тое, што адбылося ў Астраўцы, на Ленінградскай АЭС, — унікальныя сітуацыі. Гэта ўжо стыль "Расатама", карпарацыя страціла навыкі. Станцыі доўгі час не будаваліся. Пасля Чарнобыля быў сур'ёзны спад, цяпер наступны пасля Фукусімы. Мы назіраем агонію атамнай галіны, калі яны стараюцца даказаць свету і грамадству, што могуць будаваць бяспечныя рэактары і станцыі. А на практыцы ў іх падаюць рэактары, яны ідуць на шматмільённыя дадатковыя выдаткі.
Еўрарадыё: Пасля навіны аб замене корпуса рэактара у Беларусі пачалі жартаваць, што стары памяняюць на новы, які хацелі паставіць на другі энергаблок. А туды, адпаведна, паставяць стары пабіты. Ці магчыма гэта ў рэальнасці?
Ажароўскі: Корпус рэактара — занадта вялікая прылада для таго, каб яе можна было схаваць. Я думаю, мы даведаемся, куды яго падзенуць. Магчыма, з ім адбудзецца тое самае, што адбылося з яго братам. У горадзе Валгадонску, дзе іх робяць, адзін з карпусоў паставілі проста ў якасці экспаната. Бракаваны ён быў альбо таксама пашкоджаны. Думаю, зараз трэба прапанаваць, каб гэты астравецкі корпус таксама быў выкарыстаны як помнік. Каб стаяў і нагадваў будаўнікам, як яны будавалі Астравецкую АЭС.