Топ-5: навіны 18 красавіка
Слухаць цалкам:
Змагароў з арганізаванай злачыннасцю абакралі амаль на 270 тысяч долараў
З сейфа ў будынку Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй невядомы скраў амаль 270 тысяч долараў.
Злачынства адбылося пасярод белага дня яшчэ 8 студзеня, але вядома пра яго стала толькі цяпер. Звесткі пра здарэнне трапілі ў Адзіны дзяржаўны рэестр судовых рашэнняў Украіны.
З дакумента вынікае, што беларускія праваахоўнікі звярнуліся па дапамогу да ўкраінскіх калег па крымінальнай справе, пачатай на грамадзяніна N. Яго вінавацяць у крадзяжы ў асабліва буйным памеры, за што пагражае ад 3 да 12 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Адказны сакратар партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Дзяніс Садоўскі падаў у суд на гарадскія ўлады Мінска. Прычына ў тым, што сталічныя чыноўнікі адказалі на заяўку наконт правядзення Дня Волі менш, чым за дзень да самой акцыі. А гэта з’яўляецца парушэннем закона.
Прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў заявіў, што беларуская эканоміка “паступова выходзіць з заняпаду”. Пра гэта чыноўнік распавёў падчас пасяджэнне прэзідыума Савета міністраў.
Па словах Кабякова, сёлета валавы ўнутраны прадукт вырас ужо на 0,3%. Акрамя таго, беларускі ўрад плануе, што ВУП па выніках 1-га паўгоддзя вырасце на 1%.
Украінская спявачка Джамала, якая перамагла ў мінулагоднім Еўрабачанні, выказала думку, што выйграць конкурс можна з песняй на любой мове.
Артыстка перакананая, што ў цяперашніх прадстаўнікоў Беларусі на конкурсе, гурта Naviband, ёсць для гэтага ўсе шанцы.
У эксклюзіўным інтэрв'ю Еўрарадыё Джамала распавяла пра свае ўражанні ад конкурсу ды адказала на шэраг іншых пытанняў.
Дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Вадзім Дзенісенка расказаў на сваёй старонцы ў Facebook, як каўбаса сапсавала адносіны Аляксандра Лукашэнкі і Юліі Цімашэнка.
Паводле яго слоў, здарылася гэта ў 2007-2008 гадах, калі Цімашэнка была прэм’ер-міністрам Украіны. Паколькі гаворка ідзе пра падзеі Вялікадня, а Юлія Уладзіміраўна стала прэм’ерам у снежні 2007-га, то здарэнне адбылося не раней за 2008 год.