Трамп і Пуцін паразмаўлялі па тэлефоне пра Сірыю і “Ісламскую дзяржаву”

Трамп і Пуцін паразмаўлялі па тэлефоне пра Сірыю і “Ісламскую дзяржаву”

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і яго расійскі калега Уладзімір Пуцін у суботу, 28 студзеня правялі першую тэлефонную размову з моманту ўступлення Трампа на пасаду кіраўніка краіны. Як паведамляе ВВС са спасылкай на прэс-службу Белага дома, размова была прысвечаная сумеснай барацьбе з тэрарыстычнай групоўкай “Ісламская дзяржава” і ўрэгуляванню канфлікту ў Сірыі.

Размова доўжылася каля гадзіны. Пуцін павіншаваў Трампа з уступленнем на пасаду. У Белым доме адзначылі, што гэты кантакт стаў важным крокам у паляпшэнні адносінаў паміж дзвюма краінамі.

Апроч праблемы тэрарызму, абмяркоўвалася таксама перспектыва аднаўлення двухбаковых гандлёва-эканамічных сувязяў і сітуацыя ва Украіне.

У суботу ўвечары таксама стала вядома, што Трамп падпісаў указ, які патрабуе ад Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў падаць яму цягам 30 дзён план поўнага разгрому ІД.

Перад размовай з Пуціным амерыканскі прэзідэнт стэлефаноўваўся з канцлерам Нямеччыны Ангелай Меркель. Усяго ў суботу ён правёў перамовы з пяццю сусветнымі лідарамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі