Трамп наклаў вета на рашэнне кангрэса дзеля будаўніцтва сцяны на мяжы з Мексікай
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп наклаў вета на рэзалюцыю кангрэса аб спыненні надзвычайнага становішча, якое ўводзілася дзеля будаўніцтва сцяны на мяжы з Мексікай. Як піша meduza.io са спасылкай на замежныя СМІ, сваё права вета Трамп скарыстаў упершыню.
Дзеля пераадолення вета, апаненты прэзідэнта мусяць сабраць галасы дзвюх трацінаў чальцоў палаты прадстаўнікоў і сената амерыканскага парламента, але гэтага, напэўна, не адбудзецца.
Дональд Трамп увёў надзвычайнае становішча, калі ён не здолеў правесці ў бюджэце выдаткі на 5 мільярдаў долараў на будаўніцтва сцяны. Яго канфлікт з дэмакратамі, якія адмовіліся ўхваліць такі варыянт бюджэту, прывёў да самага працяглага ў гісторыі прыпынення фінансавання ўраду.
Пабудаваць сцяну на мяжы з Мексікай Трамп паабяцаў сваім выбаршчыкам, калі толькі балатаваўся ў прэзідэнты.
Мяжа з Мексікай на сёння часткова адгароджаная. Але на ўчастках, якія праходзяць праз пустыню Санора і горы Бабаківары, сценаў няма. Менавіта праз іх у ЗША трапляе найбольшая колькасць нелегальных мігрантаў. Многія нелегалы гінуць падчас небяспечнага падарожжа.