Трубы на даху — не адзіны баг. 7 праблем з рэканструкцыяй стадыёна "Дынама"
Стадыён “Дынама” — самы складаны і самы кур’ёзны даўгабуд у Мінску. Складаны, бо ў адрозненне ад іншых бясконцых будоўляў, стадыёнам увесь час займаліся. Яго не закідвалі і не кансервавалі, але так дагэтуль і не змаглі дабудаваць. Кур’ёзны, бо з “Дынама” ўвесь час нешта не так. Узяць хаця б гэтыя трубы, якія мінакі днямі заўважылі на яго даху.
Кажуць, што праектыроўшчыкі нешта там не ўлічылі з вентыляцыяй. Але ўявіце сабе, што такую ж памылку дапусцілі пры ўзвядзенні “Барысаў-Арэны”. Прыгожа?
Еўрарадыё прыгадала ўсе скандалы, звязаныя з рэканструкцыяй “Дынама”.
Стадыён "Дынама" быў афіцыйна адкрыты 12 чэрвеня 1934 года, рэканструяваны ў 1939 годзе, але асноўныя пабудовы былі разбураныя падчас Другой сусветнай вайны. Новы стадыён быў пабудаваны ў 1947—1954 гадах і належаў фізкультурна-спартыўнаму таварыству “Дынама”. Быў рэканструяваны ў 1978—1980 гадах да Алімпійскіх гульняў 1980 г. На стадыёне адбыліся сем матчаў алімпійскага футбольнага турніру, у тым ліку 1 чвэрцьфінал. Да 2009 года хатнія матчы на стадыёне праводзіла мінскае “Дынама”. У сезонах 2008/09, 2011/12 і 2012/13 барысаўскі клуб БАТЭ выкарыстоўваў мінскі стадыён “Дынама” ў якасці хатняй арэны падчас гульняў групавога этапу Лігі чэмпіёнаў.
Дата адкрыцця стадыёна пераносілася шэсць разоў
Да афіцыйнага адкрыцця стадыёна "Дынама" засталося 77 дзён. Шматпакутная рэканструкцыя арэны пачалася яшчэ ў 2012 годзе. Калі не здарыцца нічога надзвычайнага, сёлета гэтая амаль шасцігадовая эпапея скончыцца.
Але ўсё можа змяніцца ў любы момант, бо за гэты час дата адкрыцця стадыёна пераносілася шэсць разоў. Нешта падобнае вы назіраеце кожны раз, калі Windows спрабуе прадказаць час, патрэбны на капіяванне файлаў з адной тэчкі ў іншую. Спачатку планавалася, што стадыён здадуць пасля рэканструкцыі ў 2014 годзе, пасля абвяшчалі адкрыццё ў 2017-м годзе, у 2019-м, потым у 2018-м, зноў у 2017-м годзе. Быццам бы канчатковая дата — 21 чэрвеня 2018-га.
Адно глядацкае месца абыйдзецца ў $6500
Не толькі дата адкрыцця змянялася за гэты час. Планавалася, што пасля рэканструкцыі стадыён будзе змяшчаць 41 тысячу гледачоў. Аднак ужо праз пару гадоў праектная колькасць пасадачных месцаў зменшылася да 20 тысяч. Гэта пры тым, што да рэканструкцыі стадыён умяшчаў 34 тысячы гледачоў.
А калі падлічыць, колькі ў такім выпадку будзе каштаваць адно глядацкае крэсла? Пры бюджэце ў $130 млн і ўмяшчальнасці ў 20 тысяч гледачоў адно глядацкае месца абыйдзецца ў $6500. Еўрарадыё параўноўвала гэты паказчык з іншымі краінамі: крэслы на мінскім “Дынама” атрымліваюцца аднымі з самых дарагіх.
Love me tender
Тэндар на газон для стадыёна “Дынама” абвяшчалі чатыры разы. На яго планавалі выдаткаваць каля 285 тысяч еўра. Аля падрадчык усё не знаходзіўся і не знаходзіўся: усе чатыры разы тэндары не адбыліся.
Пасля з'явіўся тэндар на флагштокі. 20 флагштокаў каштавалі бюджэту… 490 тысяч долараў. Чаму так дорага? Па тэхзаданні яны павінны быць зробленыя са спецыяльнай аўстэнітнай нержавеючай сталі, якой не знайсці на постсавецкай прасторы. Паўмільёна долараў за флагштокі! І яны гэта лічаць нармальным.
Час — грошы
Працягваем размову пра грошы. Першы падрадчык, венгерская фірма "Грабаплан", абяцала рэканструяваць стадыён за тры гады і ацэньвала працы ў 150 млн еўра. Але ў хуткім часе ад супрацоўніцтва з “Грабапланам” адмовіліся, бо, увага!, Аляксандр Лукашенка сказаў, што стадыён патрэбны хутчэй. Так гэта і гучала: ніякіх трох гадоў, у канцы 2014 года стадыён павінен запрацаваць.
Новым падрадчыкам на пачатку 2013 года абралі нямецкую кампанію GMP. Ёй нават заплацілі 40 тысяч долараў за праект, ад якога ў выніку адмовіліся з-за кошту ў 180-190 млн еўра. Праектаваннем стадыёна пачынае займацца прадпрыемства "Мінскпраект", а будаўнічыя працы кладуцца на "Будтрэст №1".
У верасні 2016 года начальнік будаўнічага ўпраўлення “Будтрэста №1” Зміцер Сай заявіў, што рэканструкцыя “Дынама” будзе каштаваць… каля 200 млн долараў. Памятаеце пра вугорцаў, якія абяцалі зрабіць за 150 млн еўра? Што праўда, да сакавіка 2017 года чыноўнікі нейкім чынам “збілі” кошт да 120-130 мільёнаў долараў. Пры гэтым здарыўся скандал з растратай 300 тысяч долараў: Дзяржкантроль выявіў махінацыі са сталёвымі абсаднымі трубамі.
Мачты-мухабойкі
Але і гэта не апошняя неспадзяванка. Высветлілася, што “казырок” стадыёна "Дынама" не будзе прыкрываць усе трыбуны. Яго хопіць толькі на 70%.
Над стадыёнам узвялі асвятляльныя мачты, якія ў народзе адразу назвалі мухабойкамі. На рэндарах "Мінскпраекта" асвятляльныя мачты выглядалі абсалютна інакш.
Трубы будуць!
Апошняе, што здарылася з гэтай цудоўнай рэканструкцыяй — з'яўленне вентыляцыйных труб на даху стадыёна. Спачатку было спадзяванне, што яны часовыя, і іх здымуць. Аднак яны там застануцца: пажарная бяспека перамагла эстэтычны складнік. Цяпер стадыён выглядае нібыта нейкі стымпанк-апарат. З труб вось-вось пойдзе пар, і “Дынама” ці то паляціць, ці то паплыве.