Тры сайты дабрачынных фондаў заблакавалі ў Беларусі
21 верасня ў Беларусі абмежавалі доступ да трох сайтаў, якія належаць дабрачынным фондам — "Беларусь будучыні", "Дапамажы.by" і Фонду салідарнасці. Як піша TUT.by, гэта зроблена на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі.
Спіс з такімі рэсурсамі не могуць пабачыць звычайныя карыстальнікі, але ён даступны для інтэрнэт-правайдэраў.
У "чорны спіс" трапілі наступныя рэсурсы:
belarus-future.org
dapamazhy.by
bуsоl.bу
Дабрачынны фонд "Беларусь будучыні" быў заснаваны Валерыем Цапкалам. Яго мэтай называецца падтрымка развіцця дэмакратыі ды ініцыятыў актыўнай грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Акрамя таго, фонд займаецца гуманітарнай, юрыдычнай і фінансавай дапамогай беларусам, пацярпелым ад палітычных рэпрэсій і палітычнага пераследу.
Платформа "Дапамажы.by" створаная для дапамогі людзям, якія пацярпелі за сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю. Яе мэта — "дазволіць людзям дапамагаць адзін аднаму фінансава без пасярэднікаў".
А Фонд салідарнасці збірае грошы на дапамогу тым, хто з палітычных прычынаў страціў працу.
Дарэчы, 10 верасня Мінюст заявіў пра адміністрацыйную адказнасць для арганізатараў і ўдзельнікаў незарэгістраваных фондаў у падтрымку пратэстоўцаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.