"Турма цалкам забітая прастытуткамі, бамжамі і алкашамі"
Вызваленыя з Акрэсціна актывісты распавядаюць пра тое, што адбываецца за кратамі падчас хакейнага свята.
З турмы на Акрэсціна пачалі выходзіць першыя затрыманыя на суткі актывісты. Паўторных затрыманняў, якіх баяліся праваабаронцы, пакуль не было. Еўрарадыё пагутарыла з "гульцамі хакейнай зборнай Акрэсціна" пра ўмовы ўтрымання падчас чэмпіянату.
За час чэмпіянату актывісты правядуць 31 тысячу перыядаў пад арыштам
Валерый Тамілін, 18 гадоў.
"Гэта заўсёды нечаканасць. Але думкі былі. Я так разумею, што ў міліцэйскіх спісах я праходжу, як актывіст анархісцкага руху. Але я палітыкай не займаюся. Я даўно ўдзельнічаю ў кампаніі "Ежа замест бомбаў". Калі я сеў у машыну да АМАПа, у іх была раздрукоўка майго пашпарта. Калі спытаў, чаму? Мне адказалі, што я проста нарадзіўся не ў той краіне".
Валерыя затрымалі ў рэстаране “Лідо” пасля Чарнобыльскага шляху. Хлопец спусціўся ў прыбіральню, там і сустрэўся з праваахоўнікамі. Першыя суткі сядзеў адзін. Потым у трох розных камерах: са "шконкамі", без "шубы" і "сцэны". Была нават гарачая вада, а халодная, на дзіва, амаль не цякла.
"Пісалі заявы, а нам сказалі, што такое бывае, не страшна. Дзякуй, што гарачая ёсць".
Сукамернікі ў асноўным людзі, якія чакаюць дэпартацыі. У аднаго скончылася рэгістрацыя, затрымалі на наступны дзень. Другога падманулі з рэгістрацыяй, і працадаўца здаў міліцыі.
"Там быў яшчэ адзін грузін, яго ўжо дэпартавалі. У яго была рэгістрацыя да 15 красавіка. Затрымалі яго 14-га на вакзале і пратрымалі 2 сутак у "стакане". А потым, па яго словах, постфактум аформілі затрыманне і ўсё".
За ўвесь час сядзеў з двума "палітычнымі": Смоўжам і Коласам. Перад вызваленнем міліцыянты папрасілі пісьмова паабяцаць “не высоўвацца”.
"Міліцыянты з Ленінскага РУУС узялі падпіску, што я не буду браць удзел, не буду парушаць заканадаўства. Былі намёкі, высунешся — заедзеш назад. Нават не намёкі, а прамым тэкстам сказалі. У саміх сутках нічога страшнага няма. Не варта гэтага баяцца. Проста 10-15 выкінутых дзён. Ежа без солі, але есці можна".
Леанід Смоўж
"Чаму мяне затрымалі, так зразумець не магу. Магчыма, таму што ў лістападзе мяне затрымалі за майку, і я, відаць, быў у спісе. Калі я прыходзіў на акцыі пратэсту супраць аўтамабільнага падатку, то мяне міліцыянты ведалі ў твар і праганялі".
Заўважылі Леаніда адразу ж і на Чарнобыльскім шляху. Затрымлівалі па пратаколе на Сурганава, 61. Леанід кажа, што насамрэч на прыпынку “Валгаградская” ў тралейбусе. Завезлі ў Заводскі РУУС, паставілі да сценкі і так пратрымалі тры гадзіны. Потым пратаколы і Акрэсціна.
"Нас у лаянцы абвінавачвалі. Але столькі лаянкі мы ніколі не чулі ў сваім жыцці. Калі стаялі каля сценкі, Рубцоў прасіў, каб далі людзям прысесці. Яны з такім дзікім рогатам кажуць: "Усіх пасадзім, гэта вы не хвалюйцеся".
Леанід таксама сядзеў у камеры з людзьмі, якія чакалі дэпартацыі. Грузіны, нігерыец і расіянін.
"Грузіны паводзілі сабе з павагай, бо я старэйшы. У аднаго быў гепатыт B і C. У назе былі пераломы і ўстаўленая металічная пласціна. Мы дапамаглі яму напісаць скаргі, і яго хутка дэпартавалі на Радзіму. У другога — хворыя ныркі і падазрэнне на сухоты, таму яму у сераду купілі білет і таксама дэпартуюць. Расіянін — тыповы “зялёны чалавечак”. Яго затрымалі за крадзеж бутэлькі гарэлкі з крамы. Ён згубіў пашпарт і тут ужо тры месяцы. Як Пуцін турбуецца пра ўсіх рускамоўных па ўсім свеце, а калі свой грамадзянін тут, то ніякай дапамогі. Мы яму дапамагалі пісаць і ў пасольства, і ў міграцыйныя службы".
За хакеем сачыць магчымасці не было. Адзіная крыніца інфармацыі — першы канал радыё. Пра хакей амаль нічога не казалі. Аднойчы ўдалося пачуць па радыё прамую трансляцыю пераможнага для беларусаў матча.
Перад вызваленнем Леаніда адвялі на другі паверх, там далі падпісаць розныя паперы.
"Адно, што я заўважыў, што на другім паверсе амаль каля кожнай камеры стаялі туфлі жаночыя на высокіх абцасах. Амаль у кожнай камеры знаходзіліся дзяўчаты лёгкіх паводзін. З 11 на 12 траўня ў нашу камеру кінулі яшчэ траіх чалавек, і замест 7 было 10, спалі па чарзе. Шмат людзей забралі".
Леанід Кулакоў, за 50 гадоў.
"Ёсць дзве версіі. Першая — мая палітычная актыўнасць. Другая, што ў машыне на кансолі бел-чырвона-белы сцяжок. Калі бачаць даішнікі, адны ўсміхаюцца і паказваюць вялікі палец, іншыя глядзяць падазрона. Можа, каб не прыцягваў увагу".
Затрымалі Кулакова ва ўласнай кватэры.
"Працы не было, прыехаў дадому ў 4 гадзіны вечара. Званок у дзверы, стаяць двое, кажуць: мы вашы ўчастковыя, паступіла каманда, што ў вас скандал. Адразу з парога ўдар у грудзі, я адлятаю ў пакой. Пачалі хадзіць, глядзець, ці ёсць нехта яшчэ дома. Кажуць: збірайся, з намі пойдзеш. Далі зрабіць адзін званок".
Пешшу адвялі ў апорны пункт. Сігнал пра скандал атрымалі ў гадзіну дня, калі Леанід быў на працы. Напісалі пратакол, што лаяўся матам. Адвезлі ў Першамайскі РУУС і пасадзілі ў "стакан".
"Бетонны мяшок, дзе вельмі холадна. Я там правёў суткі. Не мог сесці, там няма нават дошкі, каб прысесці. Толькі бетон. Суткі быў на нагах. Але ёсць там і нармальныя людзі, якія мне за свае грошы набывалі гарбату".
Суддзя прапанаваў прызнаць віну, каб пакаранне было меншым.
"Я сказаў, што сумленне сваё не прадаю. І вашаму суду не давяраю. Ён усміхнуўся і сказаў: “Ну і што, нам усе не давяраюць. Сказаў везці мяне у камеру, а назаўтра прывозіць са сведкамі, якія затрымлівалі".
На наступны дзень Леаніда прывезлі ў суд разам з адным сведкам. Па паказаннях аднаго міліцыянера, лаяўся на вуліцы, а іншага — у памяшканні.
"Я звярнуўся да суддзі і сказаў: вы цудоўна ведаеце, што я не вінаваты. Любы тэрмін, які вы мне дасце, я вытрымаю. Калі ў вас застаўся хоць кавалак гонару і сумлення, то падумайце пра гэта. Я разлічваў на 15 сутак, але суддзя, не падымаючы вачэй, даў 10".
У першай камеры са сцен цякла вада, працаваў толькі кран гарачай вады. З-за парванага шланга на падлозе ўтвараліся лужыны.
"Сядзеў у асноўным з алкашамі і несунамі з крамаў. Мы адстойвалі гарачую ваду, каб піць, хаця яна тэхнічная. Двое сутак не было коўдраў. Некаторыя разразалі на палову на дваіх".
Потым перавялі ў камеру з палітычнымі і адным хлопцам, які заснуў п’яны ў аўтобусе.
"Раніцай выводзілі на праверку у калідор і пыталі, хто дзяжурны? Я адказваў: вахценны Кулакоў, у кубрыку 5 чалавек, з іх 4 палітзняволеных, якія былі абвінавачаныя па сфабрыкаваных пратаколах. Намеснік начальніка турмы мяне спачатку папраўляў, а потым надакучыла".
За 10 дзён на прагулку выводзілі 3 разы на 15-20 хвілін. Вокны ў камеры не адчыняліся, а з 5 чалавек 4 палілі.
Вынікі хакейных матчаў таксама не ведаў. А наконт паўторных затрыманняў апазіцыянераў сумняваецца.
"Турма цалкам забітая прастытуткамі, бамжамі і алкашамі. Тое, што будуць яшчэ браць палітычных, вельмі малаверагодна, яна забітая іншымі пад завязку. Няма вольных месцаў. Наконт хакея. Радыёкропка ёсць, але яе амаль не чуваць. Таму пра хакей нічога не ведалі. Яшчэ Сяргей Казакоў прасіў перадаць, каб прынеслі яму газеты. Дасылалі лісты падтрымкі. Калі можна, напішыце, бо ён прасіў на словах перадаць".
Даведнік.
Шконкі — двухпавярховыя металічныя ложкі.
Стакан — бетонная камера 2 на 2 метры без ложка і лавы.
Сцэна — драўляны памост, на якім спяць арыштаваныя.
Шуба — няроўная пафарбаваная сцяна, аблепленая цэментам.