Турма замест чорнага спісу. У Азербайджане асудзілі блогера Лапшына

Фота: sputnik.az
Фота: sputnik.az

Бакінскі суд па цяжкіх злачынствах асудзіў блогера Аляксандра Лапшына (нік _puerrtto) на тры гады пазбаўлення волі. Па версіі Баку, у 2011 і 2012 гадах ён наведваў Нагорны Караба без дазволу азербайджанскіх уладаў і ў сваім блогу заклікаў прызнаць незалежнасць самаабвешчанай рэспублікі. Лапшына занеслі ў "чорны спіс", забараніўшы ўезд у Азербайджан, але ў чэрвені 2015 года блогер зноў трапіў у краіну праз Грузію.

У выніку Аляксандра Лапшына абвінавацілі ў неаднаразовым незаконным перасячэнні мяжы Азербайджана без устаноўленых дакументаў і ў абыход кантрольна-прапускнога пункта. Па артыкуле 318, ч.2 КК Азербайджана за гэта можна атрымаць да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Лапшын, грамадзянін некалькіх краін, уключаючы Расію і Ізраіль, стаў першым замежнікам, якога прыцягнулі да крымінальнай адказнасці за візіт у Карабах. Азербайджан лічыць Нагорны Карабах тэрыторыяй, акупаванай армянскай арміяй. Але да гэтага часу парушальнікам пагражала толькі ўключэнне ў спіс непажаданых асоб.

У чэрвені 2017 года ў "чорным спісе" было 665 чалавек, сярод якіх ёсць дэпутаты парламентаў розных краін, палітыкі, журналісты, студэнты, мастакі, артысты, супрацоўнікі міжнародных арганізацый. У цяперашняй версіі спісу ёсць вядомыя імёны — журналіст радыёстанцыі "Эхо Москвы" Уладзімір Варфаламееў, спявак Бедрос Кіркораў, іспанская оперная спявачка Мансэрат Кабалье.

Перыядычна спіс абнаўляецца. Для выключэння са спісу персон нон грата трэба звярнуцца з прашэннем да ўладаў Азербайджана і прынесці прабачэнні. Менавіта так у 2013 годзе з пераліку выкраслілі шэсць чалавек, у тым ліку былога дэпутата Дзярждумы Аляксея Мітрафанава, кіраўніка маскоўскага бюро "Галасы Амерыкі" Джэймса Брука і музыканта Аль Бана.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі