Туск не выключае адкрыцця памежнага пераходу з Беларуссю ў Баброўніках

Дональд Туск на польска-беларускай мяжы

Дональд Туск на польска-беларускай мяжы / pap.pl

Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск не выключае адкрыцця памежнага пераходу з Беларуссю ў Баброўніках (з беларускага боку пункт пропуску Бераставіца). Пра гэта ён заявіў у пятніцу падчас наведвання Беластока. Паводле слоў Туска, такое рашэнне "дазволіла б разблакаваць значную частку польскага малога і сярэдняга бізнесу, звязанага з прамым гандлем". Але, калі вайсковае камандаванне і памежнікі будуць супраць (бо магчымы "негатыўны ўплыў" на бяспеку), Баброўнікі не адкрыюць. Пытанне разгледзяць у бліжэйшыя дні.

Дональд Туск адзначыў, што магчымае адкрыццё пункту пропуску на мяжы не варта інтэрпрэтаваць, як жэст у бок рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Гэта хутчэй рэакцыя на просьбы польскага памежнага бізнесу, які гэтай вясной выступіў за аднаўленне руху на мяжы з Беларуссю. Ён нясе значныя страты. Улады аказваюць яму падтрымку.

Памежныя пераходы на мяжы Падляскага ваяводства і Гродзенскай вобласці пачалі закрывацца ў 2021 годзе праз мігранцкі крызіс, штучна створаны рэжымам Лукашэнкі. Прапускны пункт у Баброўніках спыніў працу 10 лютага 2023 года — так польскія ўлады адрэагавалі на палітычны прысуд актывісту польскай меншасці ў Беларусі, журналісту, палітвязню Анджэю Пачобуту. Летась умовай яго адкрыцця называлася вызваленне ў РБ Пачобута. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі