Польскія прадпрымальнікі просяць улады адкрыць памежныя пераходы з Беларуссю

Пратэст польскіх прадпрымальнікаў супраць закрыцця межаў з Беларуссю / bialystok.twoje-miasto.pl

Пратэст польскіх прадпрымальнікаў супраць закрыцця межаў з Беларуссю / bialystok.twoje-miasto.pl

Польскі памежны бізнес выступіў за аднаўленне руху на мяжы з Беларуссю, піша Gazeta Wyborcza.

У чацвер 25 красавіка Аб'яднанне польскіх прадпрымальнікаў Zjednoczony Wschód ("Аб'яднаны Усход") прадставіла свае патрабаванні перад офісамі спікера Сейма Шымона Галаўні і сенатара Мачея Жыўна ў Беластоку. На банерах, якія трымалі ў руках людзі, было напісана: "Мы хочам працаваць, а не гінуць", "Мачей, Шымон, падляскі бізнес тоне", "Бізнес без межаў — Падляссе без страт".

Прадпрымальнікі заклікаюць польскія ўлады адкрыць закрытыя раней пункты пропуску, асабліва ў Баброўніках. Акрамя таго — падоўжыць выплаты малым і мікрабізнесам, якія працуюць у раёне Беластока, спыненыя ў лютым 2024 года.

У адваротным выпадку прадпрымальнікі прапануюць уладам запусціць праграму падтрымкі памежнага бізнесу, які нясе страты з-за закрыцця мяжы.

"Беларусь уяўляецца агрэсарам у гібрыднай вайне супраць Польшчы, а мы, жыхары Падляшша, з'яўляемся яе галоўнымі ахвярамі, — сказала член Аб'яднання Эвеліна Грыгатовіч-Шумоўска. — Давайце ізалюем рэжым Лукашэнкі, але не будзем адсякаць амаль мільён суайчыннікаў, якія жывуць у Беларусі".

Паводле ацэнак прадпрымальнікаў, турысты, якія прыязджаюць з Беларусі, штогод трацілі ў Польшчы больш за 124 мільёны еўра. У такую суму цяпер ацэньваюцца страты рэгіянальнага бізнесу.

Памежныя пераходы на мяжы Падляскага ваяводства і Гродзенскай вобласці пачалі закрывацца ў 2021 годзе праз мігранцкі крызіс, штучна створаны рэжымам Лукашэнкі. Напрыклад, рух у Кузніцы быў прыпынены на нявызначаны тэрмін 9 лістапада 2021 года. Прапускны пункт у Баброўніках спыніў працу 10 лютага 2023 года — так польскія ўлады адрэагавалі на палітычны прысуд актывісту польскай меншасці ў Беларусі, журналісту Анджэю Пачобуту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі