TUT.by: Міжнародны фінансавы цэнтр на грошы шэйхаў ААЭ пабудуюць каля Драздоў
У Мінску плануюць пабудаваць Міжнародны фінансавы цэнтр на грошы шэйхаў Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Як распавядала Еўрарадыё, гэта абмяркоўвалася падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прэм'ер-міністрам ААЭ шэйхам Мухамедам бен Рашыдам аль-Мактумам. Кіраўнік Беларусі цяпер знаходзіцца з візітам у ААЭ.
Для пабудовы фінансавага цэнтра, як піша TUT.by, асноўнай пляцоўкай разглядаецца паўночны бераг Свіслачы каля вадасховішча Дразды.
Мяркуецца, што тут размесцяцца дзелавая, забаўляльная і турыстычная зоны, а таксама міжнародны выстаўны комплекс. Мяркуецца, што комплекс зойме плошчу да тысячы гектараў.
Канцэпцыю комплексу рыхтуюць арабскія шэйхі. Рэалізацыя пачнецца толькі пасля таго, як яе падпіша Лукашэнка. Як адзначае TUT.by, па-першае, трэба будзе ўносіць змены ў генплан Мінска, каб вывесці з абароту ворныя землі. Па-другое, для такіх праектаў звычайна прызначаюць ільготны падатковы рэжым.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.