Twitter заблакаваў акаўнты некалькіх журналістаў, ЕС пагражае Маску санкцыямі
Сярод заблакаваных журналістаў — рэпарцёры буйных медыя New York Times, CNN, Washington Post / pixabay
Еўрапейскі саюз прыгразіў санкцыямі ўладальніку Twitter Ілану Маску пасля таго, як сацсетка заблакавала акаўнты некалькіх журналістаў, піша ВВС. Сярод іх — журналісты такіх буйных медыя, як New York Times, Washington Post і CNN.
Макс наўпрост не каментаваў блакаванне. Аднак напісаў твіт, які ўскосна можна лічыць звязаным з сітуацыяй. Па словах Маска, крытыкаваць яго "цягам усяго дня — гэта цалкам нармальна". Але ўсе акаўнты, якія займаюцца доксінгам — то-бок выдаюць інфармацыю пра рэальнае месцазнаходжанне чалавека — будуць заблакаваныя.
"Да "журналістаў" прымяняюцца тыя ж правілы доксінгу, што і да ўсіх астатніх. Яны апублікавалі маё дакладнае месцазнаходжанне ў рэальным часе, — напісаў Маск. — Калі б хто-небудзь апублікаваў у рэальным часе месцазнаходжанне і адрасы рэпарцёраў NYT, ФБР пачало б расследаванне, былі б слуханні на Капіталійскім пагорку, і Байдэн сказаў бы прамову пра канец дэмакратыі!"
Напярэдадні Маск заблакаваў ў Twitter акаўнт, які рэгулярна паведамляў пра месцазнаходжанне яго прыватнага самалёта, грунтуючыся на звестках з адкрытых крыніц. Па словах Маска, гэта падвергла небяспецы яго маленькага сына, калі рэйс, якім ён ляцеў, адсачыў сталкер і паспрабаваў атакаваць машыну, у якой ехала дзіця.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.