У 2017-2018 годзе ў Беларусі можа з'явіцца першы віртуальны банк
Лагічным працягам развіцця лічбавага банкінгу стане поўная віртуалізацыя ўсіх банкаўскіх працэсаў. Гэта азначае стварэнне так званага віртуальнага банка. Прычым першы віртуальны банк можа з'явіцца ў Беларусі ў 2017-2018 годзе. Такое меркаванне, як перадае БелаПАН, выказаў намеснік генеральнага дырэктара ІТ-кампаніі "Софтклуб" Дзмітрый Філімонаў.
Эксперт кажа, што ў свеце такія банкі ўжо ёсць, у тым ліку ў краінах СНД. Ён дадаў, што многія беларускія банкі ўжо цяпер абвяшчаюць пра сваё памкненне стаць выключна віртуальнымі.
Перадумовамі для стварэння віртуальнага банка ў Беларусі Філімонаў называе развіццё лічбавага банкінгу ў Нацыянальным банку, распрацоўку стратэгіі на 2016-2020 гады, падрыхтаваны праект указа аб лічбавых банкаўскіх тэхналогіях.
Адным з асноўных фактараў, які тармозіць працэс, эксперт назваў негатоўнасць да гэтага большасці цяперашніх кліентаў. "Моладзь, якая падрастае, ужо гатовая абслугоўвацца ў цалкам віртуальных банках. Яны ўжо сёння вялікую частку часу праводзяць у інтэрнэце, у сацсетках, дзе атрымліваюць неабходную інфармацыю. І мы таксама гатовыя — як распрацоўшчыкі. Адпаведнае праграмнае забеспячэнне ў нас ужо ёсць", — зазначыў ён.
Віртуальны банк дапаможа цалкам абслужыць кліента ў анлайне без прыходу ў банк.
Фота: finansplay.com