У 95 гадоў памерла дзяячка паваеннага беларускага падполля Марыя Бялевіч

Марыя Бялевіч

Марыя Бялевіч / spring96.org

У 95-гадовым узросце памерла дзяячка паваеннага беларускага падполля Марыя Бялевіч, піша "Наша Ніва". Яна памерла яшчэ ў снежні, але вядома пра гэта стала толькі цяпер.

Адзін з знаёмых жанчыны паведаміў у Фэйсбуку: "Яе муж Леў Бялевіч памёр у 2016-м. На яго помніку напісаны словы "Хай сняцца сны аб Беларусі". У снежні 2023-га ва ўзросце 95 год побач з мужам пахавалі і Марыю Бялевіч. Адзін з букетаў‌ на яе пахаванні быу‌ бел-чырвона-белы. Ад Беларусі".

Марыя Бялевіч (Бабіч) нарадзілася ў 1928 годзе ў Бабічах Дзісенскага павета — гэта была Заходняя Беларусь пад польскай уладай. У 1946 годзе падчас навучання ў Глыбоцкай педагагічнай вучэльні яна далучылася да падпольнай нязбройнай арганізацыі "За Беларусь", пазней гэтая суполка ўвайшла ў Саюз беларускіх патрыётаў. Студэнты планавалі папулярызаваць беларускую мову і культуру, ідэю незалежнасці Беларусі, супраціўляцца русіфікацыі навучальнага працэсу.

25 сакавіка 1946-га Марыя разам з іншымі сябрамі СБП прымала прысягу на вернасць беларускаму народу. У верасні 1947 года яе разам з братам Іванам арыштавалі. Марыю асудзілі на 10 год канцлагераў (яе сваякоў асудзілі за "неданясенне"). Пакаранне адбывала ў Комі АССР, потым у Мардоўскай АССР. У 1955 годзе Марыю разам з братам адправілі ў Маладзечна, дзе яе справу перагледзелі і скарацілі тэрмін да васьмі гадоў.

Пасля вызвалення ў 1956 годзе жанчына вярнулася ў Беларусь. Выйшла замуж за сябра глыбоцкай групы СБП Льва Бялевіча, ад якога пазней нарадзіла дачку. У Беларусі актывісты былі пад ціскам мясцовых уладаў, таму разам з братам і мужам Марыя выехала на заробкі ў Інту (Комі АССР).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі