У АБСЕ асудзілі прызнанне БАЖ "экстрэмісцкім фарміраваннем"
У АБСЕ лічаць, што беларускія ўлады працягваюць ствараць атмасферу страху сярод прадстаўнікоў СМІ / twitter.com/osce
У АБСЕ адрэагавалі на прызнанне Беларускай асацыяцыі журналістаў "экстрэмісцкім фарміраваннем". Такое рашэнне прыняў беларускі КДБ. Рашэнне было прынятае яшчэ ў канцы лютага, але ў "экстрэмісцкім" спісе МУС БАЖ з'явіўся толькі 7 сакавіка.
"Выклікае глыбокае шкадаванне той факт, што беларускія ўлады працягваюць ствараць атмасферу пераследу і страху сярод прадстаўнікоў СМІ", — заявіла прадстаўніца АБСЕ Тэрэза Рыбейра. Яе словы прыводзіць рэсурс "Пазірк". Па словах Рыбейры, беларускія ўлады наўмысна пераследуюць і душаць свабодныя і незалежныя галасы. Рашэнне ў дачыненні да БАЖ, на яе думку, накіравана на "падрыў важнай працы арганізацыі па абароне і адстойванні правоў журналістаў" і з'яўляецца "праявай падаўлення ўладамі свабоды СМІ ў краіне".
Практычныя ўсе незалежныя медыі ў Беларусі прызнаныя альбо экстрэмісцкімі фармаваннямі, альбо экстрэмісцкімі матэрыяламі. Доступ да іх заблакаваны, а за падпіску ў сацсетках рэжым пагражае адказнасцю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.