У аўторак кіраўнік дзяржавы правёў адмысловую нараду, прысвечаную каранавірусу. На ёй Лукашэнка паведаміў апошнія лічбы пра заражаных COVID-19 у нашай краіне (толькі шпіталізаваных 794 чалавекі), прыгразіў ураду адстаўкай, калі ў аптэках не будзе масак, заявіў, што ў БНТУ да самаізаляцыі аднесліся безадказна, нагадаў пра сельскую гаспадарку (паводле яго слоў, каранцін можна хутка ўвесці, але "але жэрці што будзем?"). Таксама ён прызнаўся, што асабіста быў гатовы ісці лячыць людзей ад каранавіруса...
Адзін з галоўных пасылаў Аляксандра Лукашэнкі на нарадзе 7 красавіка — нельга ўтойваць інфармацыю пра сітуацыю з каранавірусам. Паводле яго слоў, кожны павінен займацца сваёй справай.
"Яшчэ раз падкрэсліваю: лекары — лечаць, уся інфармацыя — у Адміністрацыі прэзідэнта ў штабе, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Там вы разам вызначайцеся, як вы інфармуеце насельніцтва. Інфармацыю хаваць не трэба".
Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў урад, кіраўнікоў абласцей і медыцынскай галіны. "Не дай бог, дзесьці нейкі падман, — казаў на нарадзе беларускі кіраўнік. — У наш час у нашай рэспубліцы падмануць нікога немагчыма. Калі вы адзін раз падманеце, вам ніхто верыць не будзе".
Лукашэнка заклікаў прысутных на нарадзе разам працаваць і ісці раней вызначаным шляхам, "як бы нам ні было цяжка".