У Бабруйску прайшла акцыя супраць расійскай авіябазы (фота)
30 снежня ў Бабруйску адбылася акцыя супраць размяшчэння ў горадзе расійскай вайсковай авіябазы. Яе правялі супольна прадстаўнікі правацэнтрысцкіх партыяў і арганізацыяў. Удзел у акцыі ўзялі прадстаўнікі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, Руха "За Свабоду", Партыі БНФ і Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі, паведамляе прэс-служба БХД.
Падчас акцыі на вуліцах і кірмашы гораду яе ўдзельнікі раздавалі бабручанам навагоднія паштоўкі з пажаданнямі мірнага неба ў 2016 годзе, інфармацыяй пра небяспеку ад размяшчэння базы і лагатыпамі партый.
Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі кажа, што гэта толькі першая з серыі супольных акцый. Плануецца аб'ехаць усе рэгіёны Беларусі і наладзіць каардынацыю паміж партыйнымі структурамі на месцах.
Фота: bchd.info