У Баранавічах створаць "нейкі аналаг" індустрыяльнага парку "Вялікі камень"
У Баранавічах хочуць стварыць "нейкі аналаг" Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку "Вялікі камень". Такія планы агучыў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. Паводле яго слоў, "невялікая індустрыяльная зона" будзе "толькі для беларускіх прадпрымальнікаў", паведамляе БЕЛТА.
"Дзяржава ўкладзецца ў стварэнне спецыяльнай пляцоўкі з усімі неабходнымі камунікацыямі: вада, электраэнергія, газ, ачышчальныя збудаванні, — расказвае прэм'ер. — Фактычна гэта будзе чыстая пляцоўка, куды чалавек зможа прыйсці са сваім абсталяваннем і пачаць адразу працаваць... І гэтую пляцоўку зробім прывабнай за кошт стварэння там асаблівага рэжыму".
Раман Галоўчанка заявіў, што зараз вывучаецца вопыт суседніх краін. Ён дапускае, што ў выніку праект будзе рэалізоўваць "не дзяржава", а камунікацыі падвядзе нейкі інвестар, які потым будзе здаваць "абсталяваныя месцы ў арэнду прадпрымальнікам".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.