У Барысаве ўчастковыя міліцыянеры месяц адмаўляюцца выходзіць на працу
У Барысаве ўчастковыя міліцыянеры месяц адмаўляюцца выходзіць на працу. Пра гэтую скандальную гісторыю піша партал tut.by. Пяць чалавек напісалі заявы на звальненне, але кіраўніцтва іх звальняць адмаўляецца. Мужчыны сядзяць дома і чакаюць, калі іх звольняць за прагулы. Адзначаецца, што некаторыя маладыя спецыялісты кантрактамі звязаныя на пяць гадоў і ў выпадку сыходу з органаў унутраных спраў ім давядзецца заплаціць па 10 тысяч долараў. Але і гэта іх не спыняе.
Сітуацыя ў Барысаве хаваецца, але ўсё ж трапіла ў СМІ. Стала вядома, што міліцыянеры спрабуюць звольніцца з-за пастаяннага парушэння працоўнага заканадаўства: іх маглі сабраць на працы ў асабісты час, своечасова сыйсці з працы было немагчыма — дзяжурная частка адмаўлялася прымаць зброю, патрабавалі паказчыкі, у тым ліку па затрыманнях (няма патрэбных паказчыкаў, не атрымаеш адпачынак).
З 14 чэрвеня трое ўчастковых міліцыянераў проста адмовіліся выходзіць на працу. Яны спадзяюцца, што іх звольняць за прагулы. УУС Мінскага аблвыканкама заяўляе, што ўсе яны маюць дысцыплінарныя спагнанні, па факце прагулаў правялі службовую праверку. Іх збіраюцца звольніць з органаў унутраных спраў.