У БДУ хочуць знізіць кошт навучання для расіян
Бо з-за дэвальвацыі ў Расіі навучацца ў расійскіх універсітэтах стала танней, чым у беларускіх.
БДУ збіраецца зрабіць зніжку для студэнтаў з Расіі, якія вучацца на платным аддзяленні як замежныя студэнты. На сёння для замежных студэнтаў сярэдні кошт навучання 3,3 тысячы долараў. Па словах рэктара БДУ Сяргея Абламейкі, гэта даражэй, чым у расійскіх універсітэтах, дзе кошт у доларах знізіўся ў выніку дэвальвацыі.
Абламейка: “Мы сутыкнуліся з выпадкамі, калі расіяне забіраюць дакументы і пераводзяцца ў свае ўніверсітэты з-за нашых коштаў. У іх патаннела платная адукацыя. Трэба для іх змяншаць кошт навучання — можа, на 20%”.
Летась расіяне мелі зніжку ў 10% у параўнанні з коштам платнага навучання для іншых замежнікаў. Пры гэтым абітурыенты з Расіі могуць паступаць нароўні з беларусамі. Тады ім трэба здаваць цэнтралізаванае тэставанне ў Беларусі. Для беларусаў кошт платнага навучання крыху большы за 1000 долараў. Агулам у БДУ навучаецца каля 300 студэнтаў з Расіі.