У Беларусі атрымальнікаў хабару могуць вызваліць ад крымінальнай адказнасці

У Беларусі атрымальнікаў хабару могуць вызваліць ад крымінальнай адказнасці

У Беларусі ў атрымальнікаў хабару можа з'явіцца магчымасць вызвалення ад крымінальнай адказнасці. У Генпракуратуры распрацавалі прапановы па барацьбе з карупцыяй. Яны трапілі ў праграму па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй на 2020-2022 гады, якую зацвердзіла Рэспубліканская каардынацыйная нарада.

Начальнік упраўлення па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генпракуратуры Ігар Грэйба кажа sb.by, што акцэнт робіцца не на больш жорсткае пакаранне за тую ж карупцыю, а на папярэджанне і недапушчэнне карупцыйных праяў.

Прапануецца, што атрымальнік хабару мае шанец пазбегнуць крымінальнай адказнасці, калі добраахвотна, не чакаючы доўга, звернецца да праваахоўнікаў і ўсё раскажа пра ўчыненае, верне грошы, будзе актыўна садзейнічаць расследаванню. Пры гэтым ставіцца ўмова — пасля атрымання хабару ён не мусіць здзейсніць іншае супрацьпраўнае дзеянне.

Таксама прапануюцца змены ў заканадаўства, якія гарантуюць бяспеку асоб, што паведамляюць пра карупцыйныя злачынствы. "На жаль, непрыемныя інцыдэнты здараюцца, аднак пра іх не гавораць", — кажа прадстаўнік Генпракуратуры.

Летась у Беларусі зарэгістравалі 2363 карупцыйныя злачынствы (найчасцей у сферах дзяржкіравання, прамысловасці і сельскай гаспадаркі). Гэта на 4,3% менш, чым было ў 2018-м. У Генпракуратуры спадзяюцца, што прапановы па барацьбе з карупцыяй будуць укараняцца ў нашай краіне ў бліжэйшыя тры гады.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі