У Беларусі хочуць забараніць выкарыстанне БПЛА без дзяржрэгістрацыі

Дрон / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Дрон / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com / pixabay.com

У Беларусі распрацаваныя змены ў Паветраны кодэкс. Адпаведны законапраект з'явіўся ў базе дадзеных праектаў на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. На гэта звярнуў увагу рэсурс Reform.by.

Адзін з артыкулаў Кодэкса прапануюць дапоўніць наступнай нормай: "грамадзянскія беспілотныя лятальныя апараты падлягаюць дзяржаўнаму ўліку ў базе звестак дзяржаўнага ўліку грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў". Таксама прадугледжана, што "эксплуатацыя грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў без ажыццяўлення іх дзяржаўнага ўліку забараняецца". Улік БПЛА будзе ажыццяўляць "спецыяльна ўпаўнаважаны орган у галіне грамадзянскай авіяцыі".

У праекце закону таксама падкарэктавана вызначэнне БПЛА. Зараз гэта "паветранае судна, прызначанае для выканання палётаў без экіпажу на борце, кіраванае аператарам беспілотнага лятальнага апарата з пункту (пульта) кіравання, у тым ліку без яго візуальнага кантакту з дадзеным паветраным суднам, або ў зададзеным аўтаномным рэжыме, альбо спалучэннем названых спосабаў".

Яшчэ адно важнае новаўвядзенне кодэкса – гэта артыкул 100-1. Ён прадугледжвае, што авіяперавозчык або пасярэднік, які прадае квіткі, можа адмовіць пасажыру ў продажы квітка, калі пасажыр унесены “ў рэестр (базу дадзеных) асоб, паветраная перавозка якіх абмежаваная перавозчыкам". Трапіць у гэты "чорны спіс" можна за праблемныя паводзіны на борце самалёта. Падставай для ўнясення з'яўляецца пастанова суда. У законапраекце пералічаныя адпаведныя артыкулы КаАП і КК РБ:

  • арт. 18.5 КаАП ("Парушэнне правілаў паводзін на паветраным судне"),
  • арт.19.1. КаАП ("Дробнае хуліганства"), 
  • арт. 311 КК ("Выкраданне альбо Захоп з мэтай выкрадання чыгуначнага рухомага саставу, паветранага або воднага судна"), 
  • арт.321 КК ("Парушэнне правілаў, якія забяспечваюць бяспечную працу транспарту"), 
  • арт. 339 КК ("Хуліганства"), 
  • арт. 340 КК ("Загадзя ілжывае паведамленне аб небяспецы").

Але ёсць некалькі сітуацый, калі адмовіць у продажы квітка перавозчык не зможа нават праблемнаму пасажыру: у выпадку дэпартацыі або вяртання ў РБ, калі самалёт — гэта адзіная магчымасць дабрацца; у выпадку суправаджэння непаўналетніх або інвалідаў; калі пасажыр ляціць на пахаванне блізкага сваяка і ў шэрагу іншых выпадкаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі