У Беларусі прадаюць Ozempic — толькі на чорным рынку і ў разы даражэй
Прэпарат для пахудання "Аземпік"
Больш за 15 тысяч чалавек наведалі за апошні месяц сайт, праз які ў Беларусі прадаецца папулярны сродак для пахудзення — Ozempic, высветліла Еўрарадыё з дапамогай сэрвісу Similarweb. Афіцыйна прэпарата ў рэспубліцы няма, але чорны рынак працуе. І пакуль што ўлады з ім асабліва не змагаюцца, хоць гаворка ідзе пра бяспеку і здароўе людзей.
"Аземпік" (семаглуцід) на гэтым беларускім сайце можна купіць ад 230 долараў за ўкол (іх трэба рабіць штотыдзень). Для параўнання: у Польшчы такі ж каштуе значна танней — каля ста долараў.
Расійскі аналаг "цуд-уколаў", прэпарат "Семавік", прадаюць па 150 долараў. У Маскве ён каштуе каля 55 долараў у эквіваленце, але, вядома, прадаецца толькі па рэцэпце.
Афіцыйна ў Беларусі і Расіі "Аземпік" не прадаецца — кампанія-вытворца пакінула гэтыя рынкі. Расійскі "Семавік" вырабляецца з парушэннем міжнароднага заканадаўства, бо формула прэпарата знаходзіцца пад патэнтнай абаронай. Адпаведна, кантроль якасці расійскага "аналага" не ажыццяўляецца. Дарэчы, на яго такі высокі попыт у самой Расіі, што лекі пачало знікаць з аптэк. У першую чаргу прэпарат патрэбны не тым, хто спрабуе пахудзець, а дыябетыкам.
За якасць і арыгінальнасць прэпаратаў, якія прадаюцца на чорным рынку, ніхто адказнасці не нясе, як і за іх бяспеку. Акрамя спецыяльных сайтаў, паспрабаваць набыць "Аземпік" у Беларусі можна праз Telegram-групы і суполкі ў сацыяльных сетках.
Ва ўсім свеце "Аземпік" і яго аналагі прадаюць толькі па рэцэпце. Займацца самалячэннем, купляць складаныя прэпараты і тым больш рабіць гэта нелегальна — вялікая рызыка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.