Скінула 22 кг і не набрала. Прынцыпы захавання вагі даследчыцы Анхелы Эспіносы

Даследчыца Анхела Эспіноса

Даследчыца Анхела Эспіноса / Еўрарадыё

— Заўважаю, што тыя, хто аказваецца побач, паводзяць сябе больш зычліва і ветліва, чым калі я важыла больш. Гэта непрыемная праўда, — дзеліцца назіраннем з Еўрарадыё даследчыца, выкладчыца і паэтка Анхела Эспіноса.

Амаль тры гады таму дзяўчына здзівіла сяброў у сацсетках здымкамі ў новай прыгожай сукенцы. За дзевяць месяцаў Анхела схуднела на 22 кілаграмы, якія набрала падчас лакдаўна, пра што распавяла нам у інтэрв’ю.

Тады суразмоўніца не была гатовая агучыць сваю вагу, бо баялася, што зноў яе набярэ. Але прайшоў час — і са здымкаў у сацсетках нам працягвае ўсміхацца прыгожая і зграбная Анхела.

— Мне 31 год. Сёння я важу прыкладна 52-53 кілаграмы пры росце 158 сантыметраў. Стараюся не набіраць і не худнець больш чым на 1-2 кілаграмы, — кажа дзяўчына, якой мы патэлефанавалі зноў, каб даведацца, як ёй удаецца заставацца ў спартовай форме.

 

Дадавала па 100 калорый у дзень і сачыла, як мяняецца вага

Анхела Эспіноса: у кастрычніку 2021 года я зразумела, што адчуваю сябе здаровай і можна больш не худнець, а проста старацца ўтрымліваць вагу.

Таму пачала, як бы мовіць, адваротную дыету, бо арганізм атрымлівае даволі моцны шок, калі ты спачатку ясі мала, а пасля раптам пачынаеш есці шмат. Усё трэба рабіць паступова. Напрыклад, дадаваць 100 калорый у дзень, пасля — 200, і глядзець, як гэта ўплывае на вагу. Гэта трэба рабіць, пакуль ты не знаходзіш тую колькасць калорый, якая пасуе да ўтрымлівання вагі.

Дарэчы, пакуль я шукала сваю залатую сярэдзіну, дык скінула яшчэ парачку кілаграмаў. Пасля ўжо проста ўтрымлівала, не пакідаючы тых прынцыпаў, якіх трымалася пры дыеце.

Вядома, былі розныя перыяды, але вага ўжо асабліва не падымалася і не падала — максімум 2-3 кг уніз-уверх.

 

Не перастала лічыць калорыі

Як і раней, я працягваю лічыць калорыі аплікацыяй Myfitnesspal. Калі хочаце, можаце спампаваць нейкую аналагічную — іх даволі шмат.

Галоўнае, не рабіць так — маўляў, усё, я ўжо худы і не буду больш хвалявацца пра тое, што ем, хадзіць у трынажорку ці займацца спортам.

Трэба сябе кантраляваць.

Я ведаю, што па натуры мне будзе хацецца есці больш, чым патрэбна для здароўя. Таму, каб не збіцца, працягваю сачыць.

Але бываюць розныя сітуацыі: нейкія цяжкасці на працы, стрэс ці падарожжы.

 

Шпацырую, бегаю, хаджу ў залю

Часам здаралася, што ў мяне не было магчымасцей кантраляваць сябе ўважліва. Напрыклад, калі я ела не дома, дык не магла ведаць, як прыгатавалі гэтую страву і колькі там дакладна калорый. Але, калі ты доўга трымаешся дыеты, можна падлічыць іх на вока. 

Скінула 22 кг і не набрала. Прынцыпы захавання вагі даследчыцы Анхелы Эспіносы
Абаяльная Анхела / Архіў даследчыцы
Скінула 22 кг і не набрала. Прынцыпы захавання вагі даследчыцы Анхелы Эспіносы
У падарожжы з сяброўкай / Архіў даследчыцы

Нельга ставіцца да сябе занадта строга

Нават калі здарылася памылка і вы пераелі, трэба сабе гэта прабачыць і на наступны дзень зрабіць усё па плане. Не трэба камплексаваць. Калі ты пераеў у адзін дзень — гэта не значыць, што пасля трэба нічога не есці два тыдні.

Калі ласка, стаўцеся да сябе з разуменнем.

Думайце, што гэты праект на ўсё жыццё, і хай ён будзе прыемным.

Можна прымяніць прынцып “80 на 20”. Калі 80 адсоткаў часу ты ясі правільна, ходзіш у трынажорку і жывеш так, як хочаш, то 20 адсоткаў можна і паесці, і нават трошкі выпіць.

Я дазваляю сабе алкаголь (але не заклікаю яго ўжываць). Трэба памятаць, што ён уплывае на вагу і падчас скідвання кілаграмаў лепш ад яго адмовіцца. Тым не менш, калі хочацца, адзін келіх у пятніцу выпіць можна, проста лічыце калорыі. Піць кожны дзень, калі хочаш выглядаць добра, не варыянт. Да таго ж алкаголь выклікае пачуццё голаду.

Карацей, усім хто скідае ці ўтрымлівае вагу, я хачу пазычыць поспехаў і радасці. 

Высыпайцеся. Я ведаю, што рэгуляванне сну моцна дапамагае, але сама сплю кепска, і гэта ў мяне з дзяцінства.

Я не маю таленту гэта кантраляваць: калі з’яўляецца нейкая праблема, першае, што я губляю — гэта сон. З іншага боку, пасля таго як я схуднела, сама якасць майго сна палепшылася. 

Мінус 22 кілаграмы пасля лакдаўна: досвед даследчыцы Анхелы Эспіносы

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі