У Беларусі прапануюць сумясціць выпускныя экзамены і ЦТ

У Беларусі прапануюць сумясціць выпускныя экзамены і ЦТ

У Беларусі прапануюць сумясціць выпускныя экзамены і ЦТ. Пра гэта заявіў на нарадзе з удзелам прэм'ер-міністра міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Нарада па пытаннях адукацыі прайшла ў БДПУ, ён кіраваў прэм'ер Раман Галоўчанка. Разглядаліся розныя прапановы Мінадукацыі, у тым ліку "па ўдасканаленні адбору найбольш падрыхтаваных абітурыентаў для навучання ў ВНУ".

"Сумяшчэнне выпускных экзаменаў па матэматыцы, рускай або беларускай мовах і цэнтралізаванага тэставання па гэтых прадметах дазволіць паменшыць нагрузку на навучэнцаў 11-х класаў", цытуе ўрадавая прэс-служба словы Карпенкі. Паводле яго слоў, таксама такое новаўвядзенне "павысіць аб'ектыўнасць ацэнкі ведаў навучэнцаў, узмацніць кантроль за вынікамі вучэбнай дзейнасці выпускнікоў".

Міністр прапануе захаваць тэставанне "як асноўную форму правядзення ўступных выпрабаванняў у ВНУ". Не выключаецца з'яўленне ўнутранага экзамена па профільным прадмеце ў ВНУ пры паступленні на асобныя спецыяльнасці (тыя ж педагагічныя). Такі дадатковы экзамен могуць атрымаць хлопцы і дзяўчаты, якія паступаюць "на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі".

Калі гэтыя і іншыя прапановы будуць падтрыманыя, яны пачнуць дзейнічаць восенню 2022 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі