У Беларусі штрафуюць перавозчыкаў, якія запраўляюцца на "няправільных" АЗС

АЗС "Беларуснафта" / @Belorusneft_official
АЗС "Беларуснафта" / @Belorusneft_official

У Беларусі масава штрафуюць перавозчыкаў на вялікагрузах з нумарамі краін ЕЗ за "няправільную" запраўку, піша "Зеркало". Рэсурс нагадвае, што з траўня 2022 года такія фуры на тэрыторыі Беларусі павінны запраўляцца толькі на вызначаных АЗС і толькі спецыяльным відам дызпаліва. Пры гэтым каштуе яно даражэй. Аператары на АЗС, дзе дызпаліва прадаецца па звычайнай цане, павінны адсочваць нумары фур. І калі яны заўважаць, што на іх запраўцы купляе паліва замежны вялікагруз, яны павінны на працягу паўгадзіны паведаміць пра гэта ў мытню. Мытны камітэт пры гэтым адразу папярэдзіў, што будзе адсочваць сітуацыю.

Праверкі сапраўды праводзяцца, піша "Зеркало". Толькі за снежань мінулага года ў раённых судах Берасця адбыліся некалькі адміністрацыйных працэсаў. Судзілі кіроўцаў цягачоў — у асноўным грамадзян Беларусі і Польшчы — за "непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў" (арт. 24.3 КаАП). Усе яны абвінавачваліся ў адным і тым жа: заправіліся на АЗС, не ўключаных ў асобны спіс для заходніх перавозчыкаў, і набылі паліва па звычайнай цане, а не завышанай. За гэта правапарушэнне дальнабойшчыкаў штрафуюць на 50 базавых велічынь (1600 рублёў на канец 2022 года). Пры гэтым ніводзін з кіроўцаў на судовае паседжанне не з'явіўся, адзначае выданне.

Нагадаем, у красавіку мінулага года Беларусь увяла контрсанкцыі супраць аўтаперавозчыкаў з ЕС. Заходнія грузавікі могуць уязджаць у краіну толькі для дастаўкі грузаў у спецыяльныя транспартна-лагістычныя цэнтры для перачэпкі. Далей груз абслугоўваюць беларускія перавозчыкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі