У Беларусі сёлета на 50% вырасла колькасць дзіцячых самагубстваў

Дзіця, ілюстрацыйнае фота

Дзіця, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

У Беларусі рэзка вырасла колькасць дзіцячых суіцыдаў. За першае паўгоддзе 2024-га іх колькасць павялічылася на 50%. Таксама панізіўся ўзрост суіцыдаў — дваім самым малодшым было ўсяго па 10 гадоў. Пра гэта гаворыцца ў лісце Генпракуратуры на імя віцэ-прэм'ера Ігара Петрышэнкі. Журналісты сайта "Зеркало" атрымалі яго з дапамогай BELPOL.

Ліст за подпісам намесніка генпракурора Максіма Вароніна быў адпраўлены ў сярэдзіне ліпеня. У ім на васьмі старонках змяшчаецца жахлівая статыстыка пра гібель непаўналетніх.

Паводле інфармацыі Генпракуратуры, за першае паўгоддзе самагубства ўчынілі 18 дзяцей. Летась за такі ж перыяд было адзначана 12 выпадкаў. Ведамства адзначае, што ў ліпені яшчэ адно дзіця пакончыла з сабой. Столькі ж, 19 суіцыдаў, было за ўвесь 2023-і.

Асноўных спосабаў самагубства называюцца два: у 50% выпадкаў — павешанне, у 38% — падзенне з вышыні.

Пракурорскія работнікі звяртаюць увагу, што паніжаецца ўзрост, у якім дзеці ідуць на самагубства: "Калі тры гады таму найбольшая колькасць фактаў рэгістравалася ва ўзроставай групе ад 15 да 17 гадоў, то сёлета: два — 10 гадоў, адзін — 11 гадоў, чатыры — 14 гадоў, тры — 15 гадоў, шэсць — 16 гадоў, два — 17 гадоў".

Генпракуратура называе некалькі прычын рэзкага росту самагубстваў сярод дзяцей і падлеткаў. Па-першае, педагогі не выяўляюць дзяцей, схільных да суіцыдальных паводзін, і не дапамагаюць ім. Па-другое, недахоп кадраў: вакансіі педагогаў-псіхолагаў ёсць у 18% сацыяльна-педагагічных цэнтраў і 17% школ, гімназій і ліцэяў. Па-трэцяе, пракуроры лічаць, што не цалкам належным чынам выконваецца дзяржаўная праграма "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека" на 2021-2025 гады, дзе ёсць м ерапрыемствы па прадухіленні суіцыдаў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі