У Беларусі такі допінгавы скандал, як у Расіі, немагчымы?

У Беларусі такі допінгавы скандал, як у Расіі, немагчымы?

Еўрарадыё сабрала хроніку скандальных падзей.

У снежні 2014 года на нямецкім тэлеканале ARD выходзіць фільм пра масавыя ўжыванні допінгу расійскімі лёгкаатлетамі. Аўтары фільма абвінавачваюць Міжнародную асацыяцыю лёгкаатлетычных федэрацый ва ўкрывальніцтве злоўжыванняў з боку Расіі.

16 снежня 2014 года Сусветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) абвяшчае аб стварэнні незалежнай камісіі для расследавання фактаў, апублікаваных у нямецкім дакументальным фільме.

23 снежня 2014 года прадстаўнікі Усерасійскай федэрацыі лёгкай атлетыкі (УФЛА), заяўляюць, што рыхтуюць іскі да тых, хто выступіў з абвінавачваннямі ў адрас федэрацыі і яе кіраўніка Валянціна Балахнічава.

4 лістапада 2015 года пракуратура Францыі прад’яўляе абвінавачванні экс-прэзідэнту Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый Ламіну Дыяку. Яму інкрымінуюць атрыманне хабараў і ўтойванне таго, што расійскія спартоўцы ўжывалі допінг. Як сцвярджаюць французскія СМІ, грошы ён атрымаў ў 2011-м годзе ад УФЛА.

5 лістапада антыдопінгавая камісія Расіі дыскваліфікуе пяць спартоўцаў, якіх абвінавачваюць ва ўжыванні допінгу.

6 лістапада расійскі бок абвяргае абвінавачванні, якія высоўвае Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый.

9 лістапада WADA публікуе 300-старонкавы даклад па выніках ўласнага расследавання. Камісія апытала дзясяткі людзей, у тым ліку, спартсменаў, чыноўнікаў і шматлікія ананімныя крыніцы.

У Беларусі такі допінгавы скандал, як у Расіі, немагчымы?
Фота: championat.com

У дакладзе — доказы, што да скандала датычныя ўсе: спартсмены, трэнеры, медыкі, супрацоўнікі “незалежных” лабараторый. Фігурантамі справы апынуліся УФЛА, Расійскае антыдопінгавае агенцтва, маскоўская антыдопінгавая лабараторыя а таксама Міністэрства спорту Расіі.

Самы яскравы эпізод даклада — знішчэнне 1417 пробаў спартоўцаў у маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі, якое адбылося напярэдадні інспекцыі WADA.

Інтэрпол у панядзелак, 9 лістапада, абвяшчае аб згодзе выступіць каардынатарам міжнароднага расследавання пра ўжыванне допінгу і карупцыі ў лёгкай атлетыцы.

У Беларусі такі допінгавы скандал, як у Расіі, немагчымы?
Фота: championat.com

Намеснік дырэктара Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Беларусі Валеры Ракавец кажа Еўрарадыё, што не можа каментаваць сітуацыю ў Расіі, але ў Беларусі падобнага скандалу дакладна быць не можа. Справа ў тым, што наша краіна не мае уласнай акрэдытаванай лабараторыі і адсылае свае пробы ў замежныя. Дарэчы, адна з іх — тая самая маскоўская.

“Калі пробы мы ініцыюем самі, і Міжнародная федэрацыя не супраць, каб мы адаслалі іх у Маскву, мы адсылаем іх у Маскву. Частку пробаў — у Польшчу, а калі маем заяўкі міжнародных федэрацый, адсылаем пробы ў Германію, Аўстрыю”, — тлумачыць намеснік дырэктара.

Кіраўнік латвійскага антыдопінгава камітэта Гаціс Беркіс распавядае Еўрарадыё, што скандал адбыўся з-за непразрыстасці расійскай сістэмы допінг-кантролю.

“Вельмі цяжка міжнародным антыдопінгавым агенцтвам патрапіць у Расію. І Расія не дасылае аналізы ў іншыя краіны, як, напрыклад, робіць гэта Латвія. Мы не маем ніякіх праблем з тым, каб адаслаць нашы аналізы ў Германію і іншыя краіны. А з Расіі зрабіць гэта было амаль немагчыма”, — кажа спецыяліст.

Эксперт па антыдопінгу, доктар алімпійскай зборнай Фінляндыі, кансультантам Эстонскага антыдопінгавага агенцтва Сяргей Ілюкоў мяркуе, што сітуацыя ў расійскай атлетыцы блізкая да той, якая адлюстравана ў дакладзе.

“Ёсць палітычная мэта — усё ідзе на буйных датацыях дзяржавы. Сістэма працуе на дасягненні, на дэманстрацыю перавагі, таму стаўкі высокія. Задача кароткая: ты павінен выйграць, і кропка. Ніхто не думае на перспектыву, ніхто не выбудоўвае пераемнасць. Гэта нікому не патрэбна. Допінг — гэта прасцей, ён зразае ўсё лішняе, самы кароткі шлях да перамогі”, — цытуе словы спецыяліста BY.TRIBUNA.COM.

Разам з тым, Ілюкоў мае сумневы наконт юрыдычнай сілы даклада WADA:

“Гэта падобна на выказванне меркавання, а не на пераканаўчую доказную базу. Пад кожным сцвярджэннем мусіць быць абгрунтаванне. Але яго няма. На маю думку, дакумент не нясе дастатковай юрыдычнай асновы, каб толькі па ім справа дайшла да буйнамаштабных наступстваў”, — выказвае сваю думку доктар алімпійскай зборнай Фінляндыі.

Галоўнае фота: ТACC

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі