У Беларусі ў цяпліцах вырасцілі зашмат агуркоў
Прэм'ер Раман Галоўчанка і агурок
У Беларусі ў цяпліцах вырасцілі зашмат агуркоў. Пра гэта кажа ў каментары sb.by намесніца начальніка ўпраўлення бульбаводства, плодаагародніцтва, аграхіміі і абароны раслін Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Таццяна Гумянюк. Паводле яе слоў, у студзені 2024-га патрэбнасць унутранага рынку ацэньвалася ў 2,1 тысячы тон, а атрымалі аж 3,26 тысячы тон агуркоў.
"Як бачым, агуркоў стала з лішкам, з'явілася магчымасць некаторую частку экспартаваць", — адзначае Гумянюк. І нагадвае, што год таму айчынных агуркоў не хапала, іх кампенсавалі пастаўкамі з-за мяжы (у асноўным з Расіі). Але летась у Брэсцкай, Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцях адбылася мадэрнізацыя існуючых вытворчасцяў і былі пашыраныя плошчы "дасветкі". У выніку з лістапада 2023-га да студзеня 2024-га замест запланаваных 6,6 тысячы тон атрымалі 7,1 тоны.
"У гэтым міжсезонным перыядзе мы ўпершыню цалкам сябе забяспечваем агуркамі абароненага грунту, — днямі гаварыў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў. — Не без праблем, таму што адпрацоўвалі і тэхналогію, і механізмы працы досыць аператыўна".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.