У Беларусі ўвядуць адказнасць за нацысцкія татуіроўкі
У Беларусі будзе ўведзеная адказнасць за нанясенне або публічнае дэманстраванне татуіроўкі з выявай нацысцкай сімволік. Парушальнікам будзе пагражаць штраф да 30 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.
Адпаведныя змены ў КаАП прапануе ўнесці Міністэрства ўнутраных справаў. Гаворка ідзе пра новую рэдакцыю артыкула 17.10. Мяркуецца, у прыватнасці, павелічэнне памеру штрафу (у памеры да 20 базавых велічынь для фізычных асобаў, да 70 базавых велічынь для індывідуальных прадпрымальнікаў, да 70 базавых велічынь для юрыдычных асобаў) і ўвядзенне санкцыі за паўторныя падобныя правапарушэнні.
Акрамя таго, павялічаны пералік сымболікі і атрыбутыкі за кошт элемэнтаў, якія выкарыстоўваліся не толькі ў Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі Нямеччыны, але і ў структурах, прызнаных злачыннымі Міжнародным ваенным трыбуналам. Да адказнасці будуць таксама прыцягваць за “вітальныя жэсты нацыянал-сацыялістаў, паролі, лічбы, у якіх зашыфраваныя імёны фюрэра, разнастайныя руны, “кельты”, “калаўрат”.
Як піша “СБ. Беларусь сегодня”, такая ініцыятыва МУС не мае аналагаў у свеце.
Хоць змены ў Кодэкс адміністратыўных правапарушэнняў яшчэ не ўнеслі, ужо ёсць тыя, хто трапіў пад арышт з-за сваіх выклікальных татуіровак. У якасці прыкладу выданне прыводзіць гісторыю грузчыка з “Пінскдрэва” Яўгена Андрушкевіча. 31-гатовы мужчына мае шэсць судзімасцяў і набіў сабе татуіроўкі са свастыкамі і іншай нацысцкай сімволікай ў калоніі — так сябе вылучаюць праціўнікі адміністрацыі пенітэнцыярных установаў.
У ліпені Андрушкевіча асудзілі на “суткі” ўжо двойчы: на 10 сутак за дробнае хуліганства — грузчыку інкрымінавалі п'яныя абразы міліцыянтаў і потым на 5 сутак за татуіроўкі.
“Далей яго чакае жорсткі прафілактычны ўлік. Міліцыянты стануць яго сталымі гасцямі. Так што свеціць Яўгену і перспектыва чарговых “сутак” па тым самым адміністрацыйным артыкуле. Зрэшты, выхад з замкнёнага кола ёсць: любым спосабам вывесці з левай рукі ненавісныя ўсім нармальным людзям сімвалы”, — піша афіцыйнае выданне.