У Беларусі зарэгістравалі кубінскую вакцыну супраць раку лёгкіх
Кубінская вакцына супраць раку лёгкіх
Кубінская вакцына супраць раку лёгкіх CIMAvax-EGF атрымала медыцынскую рэгістрацыю ў Беларусі, паведаміў у сацсетцы Х міністр замежных спраў Кубы Радрыгес Парылья. Гэтая вакцына зарэгістраваная на Кубе з 2011 года.
"Позірк" нагадвае, што восенню 2023 года ў Беларусь з візітам прыязджала кубінская ўрадавая дэлегацыя. Перагаворы прайшлі і на прадпрыемстве "Акадэмфарм". Там абмяркоўваліся "магчымасці пашырэння паставак і спрашчэння рэгістрацыі лекавых сродкаў, распрацоўкі сумесных фармацэўтычных прэпаратаў". А 3 снежня таго ж года дырэктар "Акадэмфарм" Юрый Мікіцкі ў эфіры СТВ заявіў, што прадпрыемства разам з шэрагам "замежных партнёраў" вядзе "работу над вакцынамі, напрыклад над вакцынай супраць раку лёгкіх".
Раней у 2019 годзе беларускія дзяржаўныя СМІ распавядалі, што кубінскі цэнтр, які вырабляе гэту вакцыну, і прадпрыемства "Натывіта", размешчанае ў Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці, заключылі дагавор аб трансферы тэхналогіі вытворчасці поўнага цыкла і кантролю якасці гэтай вакцыны. Але тады праект так і не быў рэалізаваны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.