У Беларусі затрымалі таджыкскага апазіцыянера, які мае прытулак у Германіі
Нізамідзін Насрыддзінаў / кадр з відэа, ozodi.org
Беларускія сілавікі затрымалі таджыкскага актывіста Нізамідзіна Насрыддзінава. Яму пагражае дэпартацыя ў Таджыкістан, дзе яго могуць чакаць катаванні, перадае Радыё "Озоди".
Эніра Браніцкая з праваабарончай арганізацыі Human Constanta расказала, што таджыкскага апазіцыянера затрымалі 8 студзеня пры перасячэнні беларускай мяжы па запыце ўладаў Таджыкістана. Цяпер мужчыну трымаюць ў гродзенскім СІЗА. 21 лютага Генпракуратура Беларусі задаволіла запыт Генпракуратуры Таджыкістана і прыняла рашэнне пра экстрадыцыю Насрыддзінава на радзіму.
Насрыддзінаў з кастрычніка 2015 года жыве ў Германіі. Там ён і яго сям'я атрымалі палітычны прытулак.
Па словах Браніцкай, у Таджыкістане на Насрыддзінава пачалі крымінальную справу паводле арт.307(1) (публічныя заклікі да ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці і Публічнае апраўданне экстрэмізму) КК Таджыкістана. Яму пагражае ад трох да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Затрыманы таджыкскі актывіст абскардзіў рашэнне Генпракуратуры Беларусі. Напрыканцы сакавіка яго заяву, як чакаецца, будзе разглядаць суд Гродзенскай вобласці. Праваабаронцы спадзяюцца, што суд улічыць тое, што Германія дала Насрыддзінаву палітычны прытулак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.