У Беларусі збіраюцца ўвесці адказнасць для тых, хто парушае масачны рэжым
У Беларусі збіраюцца ўвесці адказнасць для тых, хто парушае меры па папярэджанні распаўсюджвання каранавіруса. Пакуль гэтае пытанне "прапрацоўваецца... на ўзроўні рэспублікі". Яно датычыць фізічных асоб. Пра гэта mogilev.gov.by распавяла галоўны санітарны лекар Магілёўскай вобласці Святлана Нячай. Яна ўдзельнічала ў пасяджэнні аператыўнага штабу па папярэджанні распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі ў рэгіёне.
Пакаранні могуць увесці для тых, хто ігнаруе нашэнне ў грамадскіх месцах, у транспарце ахоўных масак, не выконвае сацыяльнае дыстанцыяванне і г. д.
"Эпідэміялагічная сітуацыя ў краіне, у тым ліку ў нашым рэгіёне, дастаткова напружаная і сур'ёзная", — кажа Нячай. Паводле яе слоў, "парадак прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці... будзе растлумачаны крыху пазней, і яна будзе безумоўная ўкаранёна".
З 9 кастрычніка па ўсёй Беларусі дзейнічае масачны рэжым. Акрамя міліцыі, кантраляваць яго выкананне будзе санітарна-эпідэміялагічная служба і Мінтранс. У сталіцы ўжо штрафавалі за невыкананне санітарных правіл кіраўнікоў прыватных транспартных кампаній.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.