У Беларусі збіраюцца забараніць продаж алкаголю пасля 23.00 у крамах і на АЗС
У Беларусі збіраюцца забараніць продаж алкаголю пасля 23.00 у крамах і на АЗС. Пра гэта заявіў начальнік упраўлення прафілактыкі МУС Алег Каразей. Гаворка пра тое, што ў нашай краіне неабходныя новыя меры па барацьбе з п’янствам, ішла 5 верасня на нарадзе Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам сілавых структур. У прыватнасці, прапаноўвалася ўвесці абмежаванні даступнасці алкагольных напояў у гандлёвых сетках.
Цяпер жа сталі вядомыя падрабязнасці прапановы Міністэрства ўнутраных спраў. Як інфармуе БЕЛТА, першы крок — абмежаванне часу продажу алкаголю. Планавалася ўвесці абмежаванне з 22.00, але пасля абмеркавання з чыноўнікамі з Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, іншых ведамстваў вырашылі пакуль спыніцца на 23.00. Алег Каразей адзначае важнасць таго, каб новаўвядзенне працавала не толькі ў крамах, але і на аўтазапраўках. Інакш кліент, які не паспеў купіць алкаголь у краме, паедзе на АЗС.
У МУС тлумачаць неабходнасць барацьбы з п’янствам тым, што большасць забойстваў, разбояў, рабункаў (80%) здзяйсняюцца ў стане алкагольнага ап’янення. Каразей кажа, што калі б людзі не былі п’яныя, “большасць гэтых правапарушэнняў не былі б здзейсненыя”.