У Берліне 9 мая забаранілі прыносіць на акцыі расійскую і ўкраінскую сімволіку
Антываенная акцыя ў Берліне / TAZ
На акцыі ў Берліне, прымеркаваныя да дня Перамогі ў Другой сусветнай вайне, забаронена прыходзіць са сцягамі Расіі і Украіны, а таксама з іншай сімволікай — георгіеўскімі стужкамі, літарамі "Z" і "V". Улады горада прынялі такое рашэнне з-за адчувальнасці тэмы і, каб пазбегнуць правакацый, паведамляе BBC.
"Акт памяці, а таксама павага да мемарыялаў і помнікаў павінны быць захаваны на фоне цяперашняй агрэсіўнай вайны Расіі ва Украіне .... Вайна не павінна выліцца ў канфлікты або спрэчкі ў Берліне, якія выходзяць за межы дэмакратычнага дыскурсу", — адзначаецца ў заяве берлінскай паліцыі.
Адзін з галоўных крытыкаў нямецкага ўрада, амбасадар Украіны ў Германіі Андрэй Мельнік лічыць рашэнне ўладаў Берліна "велізарным скандалам" і "палітычнай катастрофай" і патрабуе яго адмяніць.
"Мы шакаваныя тым, што берлінская паліцыя забараніла 8 і 9 траўня нашэнне сцягоў, звязаных з Украінай. Гэта аплявуха Украіне і аплявуха ўкраінскаму народу", — упэўнены дыпламат.
8 і 9 траўня ў Берліне запланавана каля 50 акцый, прысвечаных тэме перамогі. Украінскае выданне "Еўрапейская Праўда" сцвярджае, што ўшанаваць памяць загінулых у Другой сусветнай вайне на мірнай акцыі ў Берліне планавалі каля 20 тысяч украінцаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.