У Нямеччыне Макей заклікаў да нармалізацыі адносін Беларусі і ЕС
А таксама распавёў пра беларускія прапановы па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне.
Міністр замежных спраў Уладзімір Макей 8 лютага завяршыў працоўны візіт уНямеччыну. Як паведамляе сайт МЗС Беларусі, там кіраўнік беларускай дыпламатыі прыняў удзел у працы 51-й Мюнхенскай канферэнцыі па пытаннях бяспекі. Гэта адзін з самых прадстаўнічых і аўтарытэтных міжнародных форумаў па пытаннях палітыкі бяспекі і супрацоўніцтва ў ваеннай сферы.
Падчас канферэнцыі Макей правёў двухбаковыя сустрэчы з шэрагам палітыкаў. У прыватнасці, з міністрам замежных спраў Нямеччыны Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам, намеснікам старшыні Еўракамісіі — Высокім прадстаўніком Еўрасаюза па пытаннях агульнай знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі Федэрыкай Магерыні, міністрамі замежных спраў Італіі, Егіпта, Кеніі, Афганістана ды іншымі замежнымі прадстаўнікамі.
Паведамляецца, што кіраўнік беларускага МЗС распавёў прадстаўнікам Еўрасаюза падыходы афіцыйнага МІнска па далейшым развіцці дыялогу з Бруселем. Ён заклікаў да хутчэйшага пераводу двухбаковага ўзаемадзеяння ў канструктыўнае рэчышча.
Быў згаданы і канфлікт ва Украіне. Макей настойліва падкрэсліў, што неабходна як мага хутчэй спыніць агонь паміж бакамі канфлікту. Ён давёў суразмоўцам беларускія прапановы па ўрэгуляванні сітуацыі ў рэгіёне.
Фота — mfa.gov.by