У берлінскія супермаркеты завезлі амаль 400 кг какаіну
Гэта самая вялікая партыя наркотыку, якую памылкова завозілі ў берлінскія крамы.
У берлінскія супермаркеты памылкова завезлі вялікую партыю какаіну. Наркотык быў запакаваны ў скрынкі з калумбійскімі бананамі.
Як паведамляе ВВС, скрыні з какаінам атрымалі 14 крамаў прадуктовай сеткі Aldi. Агульны памер партыі ацэньваецца ў 386 кілаграмаў, а яе кошт — амаль у 20 мільёнаў еўра.
На думку паліцыі, скрынкі з-пад бананаў выкарыстоўваліся для кантрабанды наркотыкаў з Калумбіі. У краму какаін трапіў з-за памылкі пастаўшчыкоў. Праўдзівага адрасата наркатычнай кантрабанды пакуль не выявілі.
Знойдзеная партыя наркотыкаў стала самай вялікай у гісторыі Берліна. Дагэтуль максімальнай была партыя ў 140 кілаграмаў какаіну. Яе знайшлі ў студзені 2014 года, калі таксама памылкова даставілі ў супермаркеты Aldi.
Фота — Reuters