У Бешанковіцкім раёне ў сажалцы каля дома патануў двухгадовы хлопчык
Трагічны інцыдэнт здарыўся ў вёсцы Рубеж Бешанковіцкага раёна 4 чэрвеня. Каля 17.30 маці з двухгадовым хлопчыкам гулялі каля прыватнага дома. Мама пайшла ў дом па сок для дзіцяці, а хлопчык застаўся без нагляду, бо іншых дарослых паблізу не было. Маці вярнулася праз дзесяць хвілін, але сына ўжо не знайшла, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
Да пошукаў далучылася бабуля, якая вярнулася ад суседкі. Дарослыя выявілі, што хлопчык выйшаў праз брамку за тэрыторыю двара. Знайшла ўнука бабуля — ён патануў у штучнай сажалцы каля дома. Лекары хуткай дапамогі, якія прыбылі на выклік, канстатавалі смерць дзіцяці.
Бешанковіцкі райаддзел Следчага камітэта пачаў праверку, каб выявіць абставіны здарэння і прычыны, якія прывялі да гібелі малалетняга.
Сям'я характарызуецца станоўча, у сацыяльна небяспечным становішчы не знаходзіцца. Падчас агляду следчыя адзначылі, што прыдамавая тэрыторыя абгароджаная плотам, брамка зачыняецца на запор. А вось сажалка недалёка ад дома мае вольны доступ.