У брэсцкай прыватнай школе англійскую мову выкладае амерыканец, якога шукае ФБР
Эван Ньюман / кадр з тэлеканала "Беларусь 1"
Чалавек, якога ФБР абвясціла ў вышук як небяспечнага злачынцу, жыве ў беларускім Брэсце і выкладае англійскую мову ў прыватнай школе замежных моваў International Language House, піша "Новы час".
Гэта Эван Ньюман — удзельнік штурму Капітолія ў студзені 2021-га, які атрымаў у Беларусі прытулак і статус бежанца.
На сайце школы імя амерыканца не называюць — пішуць толькі, што заняткі ідуць з носьбітам мовы. Затое ёсць шмат яго фатаздымкаў. Журналісты затэлефанавалі ў школу, каб удакладніць яго імя. Адміністратарка назвала яго Стывенам і сказала, што прозвішча, на жаль, не ведае. Удакладніла, што раней ён жыў у Каліфорніі — дарэчы, як і Эван Ньюман.
Школа замежных моваў International Language House працуе ў Брэсце з 2002 года. На яе сайце пазначана, што гэта адзіная школа ў Брэсцкім рэгіёне, якая атрымала акрэдытацыю Брытанскай Нацыянальнай Асацыяцыі "English UK". Гэта асацыяцыя акрэдытаваных цэнтраў англійскай мовы ў Вялікабрытаніі, што супрацоўнічае з "British Council". Наўрад ці замежныя партнёры брэсцкай школы ведаюць, хто там выкладае.
У ЗША 49-гадоваму Эвану Ньюману выставілі абвінавачанні паводле 14 эпізодаў, сярод якіх удзел у фізічным гвалце ў будынку або на тэрыторыі з абмежаваным доступам, грамадскія беспарадкі, напад на афіцэраў паліцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.