У Брэсце адкрылася мастацкая выстава “Усе разам” (фота)
На ёй прадстаўленыя працы 23 маладых мастакоў Брэстчыны.
Урачыстае адкрыццё выставы "Усе разам!" адбылося ў Брэсце 23 студзеня. Экспазіцыя праходзіць ў выставачнай зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра.
Выставіў свае мастацкія творы і лідар гурту "Дай Дарогу!" Юрый Стыльскі. Як мастак ён паўстаў для грамадскасці у 2013-м годзе. Нечакана для прыхільнікаў стала вядома, што Стыльскі мае калекцыю ўласных карцін у стылі "ню". На дадзены момант яна складаецца з больш як 20 буйнафарматных палотнаў.
У каментары Еўрарадыё Юры Стыльскі прызнаецца, што апошнім часам з-за насычанага гастрольнага графіку часу на жывапіс не хапае.
Стыльскі: "У тым годзе (2014-м — Еўрарадыё) я больш прысвяціў сябе творчасці ў плане музыкі. Я маляваў карціны, але не так шмат, як у 2013-м годзе. У 2013-м я літаральна безупынна друкаваў, можна сказаць".
Апроч Стыльскага свае карціны прэзентавалі ўжо добра знаёмыя брэстаўчанам мастакі: Ганна Чыпурная-Алейнік, сёстры Марыя і Ганна Рэдзько ды іншыя.
Азнаёміцца з іх працамі можна будзе напрацягу бліжэйшых 2 тыдняў.