У Брэсце карціны з Гітлерам вернуцца на выставу пасля Дня перамогі

Нагадаем, што праз некалькі дзён пасля брэсцкай прэзентацыі вулічнай выставы з плоту на ўваходзе ў парк 1 Траўня зніклі дзве карціны. Яны з'яўляліся часткай трыпціху "Роля" гродзенскага мастака Сяргея Грыневіча. Праца з'яўляецца пластычнай алюзіяй на знакаміты фільм Чарлі Чапліна "Вялікі дыктатар".



З экспазіцыі быў зняты непасрэдна партрэт Гітлера, а таксама сумесны вобраз дыктатара і коміка. З трыпціху на плоце застаўся толькі партрэт Чарлі Чапліна.



Як паведаміла Еўрарадыё арт-дырэктар мастацкага праекту Антаніна Серакова, яшчэ пад час прэзентацыі выставы арганізатары сутыкнуліся з негатыўнай рэакцыяй некаторых брэстаўчан. Са словаў дырэктаркі, карціны часова знялі перад травенскімі выходнымі, каб не правакаваць людзей у святочныя дні.



Серакова: "Я думаю, што ўсё адно гэта вельмі добры досвед, бо калі людзі рэагуюць — гэта таксама сродак пабудовы дыалогу з творам мастацтва. І, вядома, часцей за ўсё наша першая рэакцыя на незразумелыя рэчы — гэта непрыняцце. Я думаю, чым болей такіх праектаў будзе, тым хутчэй мы навучымся глядзець на творы мастацтва. Напрыклад,
у канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў імпрэсіянізм таксама лічыўся ўвогуле незразумелым жывапісам. А цяпер сярэднестатыстычны жыхар любой краіны скажа, што "так, Манэ — гэта добра".



Карціны вернуцца на месца 10 траўня. Спачатку планавалася, што выстава будзе дзейнічаць 2 месяцы, але зараз адміністрацыя горада вядзе перамовы аб тым, каб падоўжыць яе на ўсё лета.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі