У Брэсце міліцыя не змагла пакараць жанчыну за БЧБ-колеры на балконе

У Брэсце міліцыя не змагла пакараць жанчыну за БЧБ-колеры на балконе

У Брэсце міліцыя не змагла пакараць жанчыну за БЧБ-колеры на балконе. У чэрвені суддзя спыніў адміністрацыйную справу, але міліцэйскі начальнік падаў скаргу. Яе суд не задаволіў, паведамляе тэлеграм-канал @viasna_brest.

Як паведамляла Еўрарадыё, у траўні на жанчыну быў складзены пратакол пра "парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў". Адміністрацыйную справу ў Ленінскім судзе Брэста 28 чэрвеня разглядаў суддзя Аляксандр Семянчук. Жанчына заявіла, што 9 траўня проста развесіла сушыцца бялізну і не звярнула ўвагу на спалучэнне белага і чырвонага колераў. Суддзя ёй паверыў.

21 ліпеня працяг справы быў у Брэсцкім абласным судзе. Начальнік Ленінскага РАУС абскарджваў рашэнне раённага суда. Ён сцвярджаў, што жанчына развесіла пасцельную бялізну і шторы на балконе "наўмысна", бо, на яго думку, многія грамадзяне ўжо ведаюць "аб пратэсным характары бел-чырвона-белай сімволікі". Жанчына ў судзе зноў заявіла, што насамрэч усё адбылося ненаўмысна, а сама яна і яе блізкія ў пратэстах не ўдзельнічалі, іх асуджаюць і да адказнасці не прыцягваліся.

Суддзя Руслана Сянько скаргу міліцэйскага начальніка не задаволіла, а рашэнне раённага суда пакінула без зменаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі