У Брэсце прадавец ювелірнай крамы падмяняла золата танным сплавам
У Брэсце прадавец ювелірнай крамы падмяняла золата танным сплавам. Як піша газета “Брестский вестник”, схема яе афёры была вельмі простая: яна падбірала вырабы з элаксала, якія мелі падобнае спляценне і памер, і падмяняла імі ювелірныя ўпрыгожванні. Элаксал знешне вельмі падобны на золата, але каштуе ў разы танней. Больш за тое, знайсці яго можна ў любым гіпермаркеце.
Золата дзяўчына здавала ў ламбард, а на вітрыне пакідала танныя вырабы, на якіх былі біркі з інфармацыяй аб нібыта дарагім тавары. Разлік зламысніцы быў наступны: гэтыя вырабы не куплялі з-за вельмі высокага кошту — яны толькі ўпрыгожвалі вітрыну. Афёра прадаўца магла б яшчэ вельмі доўга заставацца нераскрытай, калі б не пільнасць загадчыцы крамы. Яна і дапамагла вывесці зламысніцу "на чыстую ваду".
Крымінальную справу расследаваў Брэсцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта. Асновай для доказнай базы віны падазраванай стаў той факт, што ўсе вырабы здаваліся ў ламбард на пашпартныя дадзеныя прадаўца.
Якой сумай ад дадзенага злачынства завалодала зламысніца, не ўдакладняецца. Аднак, па словах следчых, за кошт выкрадзеных за месяц такім чынам вырабаў можна было купіць новы бюджэтны аўтамабіль.
У дачыненні дзяўчыны была распачата крымінальная справа за прысвойванне маёмасці ў буйным памеры (ч.3 арт. 211 КК РБ). На следстве падазраваная не раскаялася ў зробленым, а толькі іранізавала з нагоды згаданых падзеяў.
Днямі падсудную прызналі вінаватай і прысудзілі да 3 гадоў пазбаўлення волі і 5 гадоў пазбаўлення права займаць пасады, звязаныя з гандлем. Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.