У брэсцкай школе банкет на выпускным быў у калідоры побач з прыбіральняй
Выпускны ў брэсцкай школе №1
Банкет на выпускным у брэсцкай школе №1 зладзілі... проста на калідоры. Відэа са святочнай вечарыны апублікавала ў TikTok маці аднаго з выпускнікоў.
У роліку бачна, што на адных сталах стаіць гатовая ежа, на іншых нешта яшчэ гатуюць. Побач са сталамі ляжаць горы смецця.
У подпісе да роліка жанчына выпускніка адзначыла: "Адміністрацыя вырашыла, што нармальна адсвяткаваць мы не заслужылі. Усё праходзіла ў калідоры каля прыбіральні. Бацькі стаялі як ахоўнікі, ні сесці (не было ніводнага крэсла), ні тым больш адзначыць мы не заслужылі".
Па словах жанчыны, у школе ёсць вялікая спартовая зала і сталовая, але банкет праводзілі не там. Для 100 выпускнікоў былі толькі чатыры сталы на калідоры.
Прычым выявілася, што на рашэнне адміністрацыі паўплывалі зусім не нядаўнія заявы Лукашэнкі. Як вядома, ён заявіў, што выпускныя павінны праходзіць "без лімузінаў і рэстаранаў". Пасля гэтага Мінадукацыі забараніла ладзіць выпускныя па-за школамі — у кавярнях і рэстаранах.
"Як аказалася, летась была такая ж гісторыя. Можа, час ужо нешта рабіць?" — рытарычна запытваецца брастаўчанка.
Чытач "Нашай Нівы" звярнуўся ў школу, каб спытацца пра гэты выпускны. Адміністрацыя навучальнай установы параіла яму паглядзець фотасправаздачу пра выпускны вечар на афіцыйным сайце школы. Там ёсць толькі здымкі з афіцыйнай часткі ў актавай зале. Ніводнага фота з банкету няма.
Відэаролік за 4 дні набраў каля 410 тысяч праглядаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.