У Буда-Кашалёўскім раёне пры аварыі рэйсавага аўтобуса загінула жанчына (фота)
Трагічна закончылася паездка рэйсавага аўтобуса МАЗ у Буда-Кашалёўскім раёне зранку 26 кастрычніка, перадае БЕЛТА са словаў начальніка аддзялення агітацыі і прапаганды УДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама Вольгі Развяковай.
У вёсцы Бушаўка ў 8.45 раніцы аўтобус занесла на дарозе, калі кіроўца не справіўся з кіраваннем. Аўтобус наехаў на апору ліній электраперадачы, а затым перакуліўся.
37-гадовая пасажырка аўтобуса пры ДТЗ атрымала смяротныя траўмы і памерла на месцы. Яшчэ адну пасажырку даставілі з траўмамі ў Буда-Кашалёўскую лякарню.
Як паведамлялася раней, сёння на Гомельшчыну прыйшоў цыклон, які засыпаў рэгіён снегам.