У цэнтры Мінска пад знос трапяць дамы коштам па 500 тысяч долараў
Прыватны сектар у раёне развязкі праспектаў Жукава і Дзяржынскага ў чарговы раз спрабуюць прадаць інвестарам пад забудову.
Мінскі гарвыканкам прапануе інвестарам забудаваць жылымі дамамі павышанай камфортнасці прыватны сектар у раёне развязкі праспектаў Жукава і Дзяржынскага.
“Вы самі разумееце, што тут праспект, тут метро, і прыватныя дамы, мне падаецца, тут стаяць і не мусяць, бо псуюць ландшафт і агульны від, — выказвае амаль агульную думку жыхароў квартала, які плануецца знесці, пенсіянерка, якая жыве ў доме па 2-й Землямернай вуліцы. — Натуральна, што старым людзям не хацелася б пераязджаць некуды на дзяржаўную кватэру. Але, калі з’явіцца пакупнік на гэтыя ўчасткі, то ніхто мяне ўжо пытацца не будзе”.
Трохпакаёвы дом без каналізацыі і вадаправоду
77-гадовая жанчына жыве ў доме плошчай каля 50 кв.м. разам з дачкой, яе мужам і дзіцём. Мае тры пакоі, і адзінай умовай пераезду бачыць кватэру не меншай плошчы ды ў тым жа раёне.
“Гэты дом будаваў мой тата, ён яшчэ даваенны, — працягвае жанчына. — Тут наша паліклініка, тут праца маёй дачкі побач, тут школа ўнучкі побач… Атрымліваецца, я ў прыватным сектары ўсё жыццё пражыла, таму мне будзе складана адаптавацца ў кватэры”.
Невялічкі, але акуратненькі домік з вялікім дваром не мае вадаправоду і каналізацыі. Большасць жыхароў квартала ходзяць за вадой да бліжэйшай калонкі: хто проста з вёдрамі, хто з тачкай ды бідонамі. Справа ў тым, што гэтыя ўчасткі ўжо даўно плануецца забудоўваць жылымі дамамі павышанай камфортнасці. Папярэднія размовы пра знос прыватнага сектару вяліся ў 2008 годзе, а да гэтага яшчэ два разы. І ўвесь гэты час мясцовыя ўлады не рэкамендуюць жыхарам рабіць рамонты, маўляў, каб не дарэмна.
Але ёсць на 2-й Землямернай вуліцы і вялікія сучасныя катэджы, якія прадстаўнікі “Белгіпразема” ацанілі ў суму каля 500 тысяч долараў кожны. Іх гаспадары таксама разумеюць бессэнсоўнасць барацьбы з рашэннем гарадскіх уладаў, але пакуль не бачаць асаблівай нагоды для хвалявання.
Дарагія дамы стаяць побач адзін з адным
“Калі прыходзілі ацэншчыкі, яны сказалі, што пакуль робіцца толькі ацэнка гэтага квартала, каб знайсці патэнцыйнага інвестара, — распавядае архітэктар, які пабудаваў свой двухпавярховы дом з утульным унутраным дворыкам ды невялічкай сажалкай з залатымі рыбкамі яшчэ напрыканцы 1990-х. — Чатыры інвестары ўжо адмовіліся, бо занадта дарагое задавальненне тут будаваць. Таму пакуль размова вядзецца толькі пра спробу знайсці інвестара, які ацэніць свае рызыкі ды пажадае забудоўваць. Тады ўжо з ім можна будзе судзіцца наконт коштаў. Так што, у прынцыпе, ўсё цывілізавана… на жаль”.
Папярэдні кошт зямлі гэтага квартала — 288 мільёнаў рублёў ($26,6 тыс.), аднак сумарны размер выдаткаў на знос, адсяленне людзей і грашовую кампенсацыю ім складае амаль 56 мільярдаў ($5,1 млн.). Але практыка паказвае, што гэта заніжаныя сумы, якімі прыцягваюць увагу інвестараў. Да таго ж, сюды трэба дадаць выдаткі на будаўніцтва новага жылля, падвядзенне каналізацыі ды вадаправода...
Унутраны дворык аднаго з катэджаў
“Пажыўшы тут 16 гадоў, я ўжо адвык ад гэтых пад’ездаў, распісаных ліфтоў і ўсёй гэтай гідоты, — дзеліцца планамі жыхар 35-га дома ў выпадку, калі інвестар усё ж з’явіцца. — Хаця ў новых дамах нібыта нічога, але мы ўжо прызвычаіліся жыць асобна: машыну загнаў пад навес, яна стаіць, сабаку ў дворык выпусціў і не трэба з 20 паверха яе на шнурочку весці. Таму буду шукаць участак і будавацца на новым месцы”.
Ад парога пачынаецца сажалка, дзе жывуць залатыя рыбкі (каб яны перажылі зіму, стаіць адмысловае абсталяванне, якое аўтаматычна робіць палонку ў лёдзе)
Агулам участак у раёне праспектаў Жукава і Дзяржынскага, які чарговы раз выстаўляюць на аўкцыён, займае плошчу 3,7 гектара. Тут пад знос трапляе 37 жылых і нежылых будынкаў. На вуліцы Шчорса плануецца знесці дом №43, на 2-й вуліцы Шчорса — дамы №20А, 33, 39, 41, на 1-й Землямернай — №21, 23, 25, 27, 30/41, 32, 34, 36, 38, 40, 42, 44, 46, 48, 50, 52, 31, 33, 35, 37, 39, 41/26; на 2-й Землямернай — №27, 29, 31, 33, 35, 37, 43, 47, 49, 51.